[ 17:48 ]  У Багдада ёсьць магчымасьць пазьбегнуць бамбаваньня

БАГДАД. Расея заклiкала Ірак дапусьцiць на ваенныя аб’екты iнспэктараў Арганiзацыi Аб’еднаных нацыяў, якiя маглi б пераканацца, што Багдад не распрацоўвае зброi масавага зьнiшчэньня. Намесьнiк мiнiстра замежных справаў Расеi Аляксандар Салтанаў, якi сустрэўся сёньня ў Багдадзе са сваiм iрацкiм калегам, зьвярнуў увагу на неабходнасьць палiтычнага ўрэгуляваньня праблемы. Тым часам, у Лёндане прэм’ер-мiнiстар Вялiкай Брытанii Тонi Блэр заявiў, што ваенная апэрацыя супраць Іраку адбудзецца не так хутка, паколькi цэлы шэраг пытаньняў мае быць разгледжанымi перш, чым будзе прынятае канчатковае рашэньне. Тонi Блэр выказаў спадзяваньне, што Садам Хусэйн, якi шукае шляхi ў распрацоўцы зброi масавага зьнiшчэньня, разумее, зь якой пагрозай пры гэтым сутыкаецца.