КАБУЛ. Міністар абароны Злучаных Штатаў Доналд Рамсфэлд прыбыў сёньня ў афганскую сталіцу Кабул для перамоваў з кіраўніком часовага ўраду Хамідам Карзаем. Рамсфэлд прыляцеў празь некалькі гадзін пасьля таго, як кабульскае лётнішча было абстралянае ракетамі. У выніку абстрэлу ніхто не пацярпеў. Візыт міністра абароны пачаўся сустрэчай з вайскоўцамі міжнароднай кааліцыі на вайскова-паветранай базе ў Баграме. Рамсфэлд заявіў, што амэрыканскія сілы і іх заходнія саюзьнікі зробяць усё магчымае, каб ня даць талібам і ваяўнікам «Аль-Каіды» перагрупавацца і распачаць вясновы наступ. Тым часам мінулай ноччу ў правінцыі Пактыя на ўсходзе Афганістану выбухнулі сутычкі паміж мясцовымі палявымі камандзерамі.