(БЕРЛІН) Дэпутаты верхняй палаты нямецкага парлямэнту – Бундэсрату сабраліся, каб разгледзець важныя зьмены ў іміграцыйным заканадаўстве краіны. Іх мэта – запабегчы ўсё большаму састарэньню й скарачэньню насельніцтва краіны.
Ніжняя палата – Бундэстаг, ужо ўхваліла законапраект, прапанаваны канцлерам Нямеччыны Гэрхардам Шродэрам. Хаця працоўны рынак Нямеччыны фармальна свабодны, на яго дапускаецца толькі абмежаваная колькасьць замежных рабочых. Абмежаваньні дзейнічаюць з 70-га году, калі Заходняя Нямеччына завершыла праграму прыцягненьня ў эканоміку працоўных з-за мяжы.
Супраць прапановаў сацыял-дэмакратаў, якія маюць большасьць у Бундэстагу, выступае Хрысьціянска-дэмакратычная партыя. Яе прадстаўнікі цьвердзяць, што пры ўзроўні беспрацоўя у 10 працэнтаў, трэба было б паклапаціцца пра працаўладкаваньне нямецкіх рабочых замест таго, каб імпартаваць рабочую сілу з-за мяжы