КАРАЧЫ, ПАКІСТАН. Улады Пакістану ня схільныя верыць інфармацыі пра сьмерць амэрыканскага журналіста Дэніэла Пэрла, які быў выкрадзены 23 студзеня. Пра тое, што журналіст мёртвы, сказаў сёньня ў судзе падазраваны арганізатар выкраданьня Ахмэд Амар Саід Шэйх. Аднак, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Пакістану заявіў, што Шэйх стала мяняе свае паказаньні, і ўлады ня маюць падставаў яму верыць. Шэйх быў затрыманы два дні таму і прызнаўся ў арганізацыі выкраданьня журналіста “Уол Стрыт Джорнэл”, які зьнік у Карачы, дзе вёў расьследаваньне дзейнасьці ісьлямскіх экстрэмістаў.