[ 04:25 ]  Аліеў абмяркуе ў Маскве лёс расейскага радара ў Азэрбайджане

МАСКВА. Прэзыдэнт Азэрбайджану Гейдар Аліеў прылятае сёньня ў Маскву зь візытам, мэта якога – узмацненьне двухбаковых сувязяў. Аліеў правядзе перамовы з расейскім прэм’ерам Міхаілам Касьянавым і прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, які ў мінулым студзені наведаў Баку. Паведамляецца, што перамовы лідэраў засяродзяцца на пытаньні аб радарнай станцыі ў Азэрбайджане, якая мае важнае значэньне ў расейскай сыстэме раньняга ракетнага папярэджаньня. Радарная станцыя ў мясцовасьці Габала можа заўважаць балістычныя ракеты, запушчаныя з паўдзённага паўшар’я. Аднак Масква запазычалася ў аплаце за электраэнэргію, ужытую станцыяй, а мясцовыя жыхары цьвердзяць, што праца станцыі шкодзіць іхнаму здароўю. Тым ня менш чакаецца, што ў Маскве Аліеў запрапануе Пуціну 10-гадовую арэнду радыёлякацыйнай станцыі.