РАМАЛАГ. Адмысловы пасланец Злучаных Штатаў на Блізкім Усходзе Энтані Зыні падчас сустрэчы зь кіраўніком Палястынскай аўтаноміі Ясірам Арафатам рэзка зганіў спробы абвострыць і без таго вельмі напружаную сытуацыю ў рэгіёне.
Як паведаміў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр, Зыні узьняў гэтае пытаньне ў сувязі з тым, што ізраільскія ўлады затрымалі ў Чырвоным моры палястынскі вадаплаў, які перавозіў 50 тонаў зброі і выбуховых рэчываў іранскай вытворчасьці.
Зыні запатрабаваў ад Арафата даць тлумачэньні здарэньню і тэрмінова спыніць кантрабанду зброі ў рэгіён.
Арафат і міністэрства замежных справаў Ірану сьцьвярджаюць, што яны нічога ня ведаюць ні пра вадаплаў, ні пра яго груз.
Пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Ізраілю Арыэлем Шаронам і кіраўніком Палястынскай аўтаноміі Зыні заявіў, што ізраільска-палястынскія перамовы хутка адновяцца.