МАСКВА. Сёньня ў Маскве пачаліся перамовы паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі ў справе антыірацкіх санкцыяў Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў. Чакаецца, што ўвага будзе засяроджаная на новым сьпісе тавараў дазволеных для продажу Іраку. Новы сьпіс можа стаць актуальным пасьля 30 травеня 2002 году, калі закончыцца праграма “нафта на прадукты харчаваньня”, паводле якой Ірак можа прадаваць сваю нафту і ўжываць прыбыткі на закупку прадуктаў і іншых тавараў першай неабходнасьці. Расея даўно дамагалася, з аднаго боку, скасаваньня санкцыяў, а з другога – згоды Іраку дапусьціць у краіну інспэктараў ААН у справе ўзбраеньняў.