КАБУЛ. Антыталібскія сілы, якія падтрымліваюцца ЗША, заявілі, што разьлічваюць ужо сёньня захапіць горад Кундуз на поўначы Афганістану. Аж да адной тысячы байцоў – як афганскіх талібаў, гэтак і замежных ісьлямскіх баевікоў – учора, як паведамляецца, здаліся сілам Паўночнага альянсу. Але яшчэ тысячы байцоў Талібану, як мяркуюць, застаюцца ў Кундузе, у тым ліку замежнікі, ляяльныя да тэрарыстычнай сеткі Аль-Каіда, створанай Усамай бін Лядэнам.
Горад Кундуз застаецца апошнім апірышчам Талібану на поўначы Афганістану. Вайсковыя прадстаўнікі ЗША заявілі, што мэтай авіяўдараў, якія працягваюцца, ёсьць тыя месцы каля Кандагару на поўдні і вакол сталіцы Кабула, дзе, мажліва, хаваюцца сябры Талібану ды Аль-Каіды.
Прадстаўнікі ЗША пакуль не камэнтавалі паведамленьні, што некаторыя амэрыканскія бомбы ўчора трапілі на пакістанскую тэрыторыю.
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш папярэдзіў, што вайне супраць тэрарызму яшчэ далёка да канца. У сваім штотыднёвым радыёзвароце Буш сказаў, што амэрыканцаў могуць яшчэ чакаць наперадзе цяжкія часы.
Былы намесьнік міністра ўнутраных справаў Талібану мула Хаксар упершыню зьявіўся ўчора на публіцы, пасьля таго як здаўся Паўночнаму альянсу Афганістану.
Позна ўвечары ён наладзіў прэсавую канфэрэнцыю ў Кабуле, дзе заявіў, што хоча браць удзел у мірным працэсе. Ён сказаў, што заклікае ўсе этнічныя групы Афганістану й правадыроў плямёнаў дапамагчы гэтаму працэсу. Хаксар паведаміў, што пакінуў сваіх таварышаў 13 лістапада, таму што зразумеў: яны не працуюць дзеля міру. Хаксар сказаў, што ня ведае, дзе хаваецца лідэр тэрарыстаў Усама бін Лядэн, якому некалькі гадоў Талібан даваў прытулак.
Каля гораду Мазары-Шарыф на поўначы Афганістану жаўнер Талібану, нібыта капітулюючы, падарваў сябе ручной гранатай і забіў яшчэ двух жаўнераў Паўночнага альянсу, а таксама параніў аднаго з камандзіраў гэтага альянсу і карэспандэнту брытанскае тэлесеткі навінаў ІТN Андрэ Катэрвуд.