МАСКВА. Генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан сёньня, як чакаецца, правядзе перамовы з расейскім кіраўніцтвам наконт пашырэньня супрацоўніцтва паміж Расеяй і НАТО. Робэртсан прыбудзе ў Маскву з Валгаграду. Заплянаваныя ягоныя сустрэчы з міністрам абароны Сяргеем Івановым, а заўтра – з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным ды іншымі кіраўнікамі Расеі.
Сувязі Расеі з Захадам нядаўна пачалі імкліва разьвівацца дзякуючы моцнай падтрымцы з боку Масквы вайны на чале са Злучанымі Штатамі супраць тэрарызму.
Расейскі міністар абароны напярэдадні заявіў, што Масква прапануе, каб яна атрымала некаторыя паўнамоцтвы ў прыняцьці рашэньняў ў рамках НАТО – праз мажлівую новую форму стасункаў з гэтым заходнім вайсковым альянсам. Іваноў зазаначыў, што такія сувязі мусяць базавацца на прынцыпе раўнапраўных стасункаў.
Брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэр нядаўна прапанаваў стварыць новы орган, які б значна пашырыў ролю Расеі ў рамках НАТО дзеля паглыбленьня супрацоўніцтва ў пытаньнях кшталту барацьбы з тэрарызмам і нераспаўсюджваньня зброі.