[ 04:47 ]  Пэнтагон гатовы прыпыніць бамбаваньні Кундузу

ВАШЫНГТОН. Прадстаўнік міністэрства абароны ЗША заявіў, што Пэнтагон будзе гатовы зрабіць паўзу ў некаторых бамбаваньнях асаджанага гораду Кундуз на поўначы Афганістану, у выпадку, калі пра гэта папросіць Паўночны альянс. Прадстаўнік Пэнтагону патлумачыў, што ЗША могуць устрымацца ад бамбаваньня канкрэтнага аб’екту ці месца, каб чыноўнікі Паўночнага альянсу і Талібану маглі працягваць перамовы пра капітуляцыю гораду. Галоўны прадстаўнік ААН у справах Афганістану Лахдар Брагімі учора заявіў, што чыноўнікі ААН ня могуць выдаць запыт наконт арганізацыі здачы сілаў Талібану ў Кундузе. Брагімі сказаў, што два прадстаўнікі з Кундузу выйшлі на ААН і паведамілі, што камандзіры талібаў у гэтым горадзе хацелі б здацца без усялякіх умоваў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Але Брагімі дадаў, што ААН ня мае сродкаў для таго, каб наладзіць такую капітуляцыю. Брагімі паведаміў таксама, што ягоны намесьнік у Афганістане Франчэск Вэндрэл будзе працягваць кантакты з Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа, каб ажыцьцявіць капітуляцыю.