[ 17:03 ]  У Злучаных Штатах выяўленыя два новых выпадкі захворваньня на сыбірскую язву

ВАШЫНГТОН. У Злучаных Штатах выяўленыя два новых выпадкі захворваньня на сыбірскую язву. Гэткім чынам, колькасьць хворых дасягнула васьмі. Адзін чалавек памёр. У пятніцу ў супрацоўніцы газэты “Ню-Ёрк пост”, якая працавала з поштай, была знойдзеная скураная форма сыбірскай язвы. У штаце Ню-Джэрзі захварэў супрацоўнік паштовага аддзяленьня. Улады ЗША лічаць, што штаммы ўзбуджальнікаў сыбірскае язвы, знойдзеныя ў Вашынгтоне, Ню-Ёрку і Флёрыдзе – атрыманыя з аднае крыніцы. Кіраўнік офісу Абароны Радзімы Том Рыдж сказаў: “На сёньня экспэртыза паказала, што выразных адрозьненьняў няма. Гэтыя штамы вельмі падобныя. Экспэртыза таксама паказала, я ўжыву тут спэцыяльны тэрмін, што гэтыя штамы, як кажуць спэцыялісты, не былі прыведзеныя ў баявы стан”. У Аргэнтыне зафіксаваны першы выпадак атрыманьня паштовай адправы з парашком у якім былі споры ўзбуджальніка сыбірскае язвы. Жыхарка Буэнас-Айрасу атрымала ліст, адпраўлены з Маямі (штат Флёрыда). Выглядае, што небясьпекі для яе няма, бо канвэрту яна не адкрывала. Паведамляецца таксама пра падазроны ліст у Бразыліі, які прыйшоў зь Ню-Ёрку ў Рыа-дэ-Жанэйра ў мясцовае бюро газэты “Ню-Ёрк Таймс”. Цяпер гэтым лістом займаюцца экспэрты.