[ 19:34 ]  У выніку ракетных удараў у Афганістане талібы і тэрарысты пацярпелі значныя страты

ЛЁНДАН. У выніку ракетных удараў у Афганістане талібы і тэрарысты пацярпелі значныя страты – заявіў міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Стро. Паводле міністра, апэрацыя будзе працягвацца прынамсі некалькі тыдняў. Міністар абароны Злучаных Штатаў Дональд Рамсфэльд ахарактарызаваў удары як досыць пасьпяховыя. У апэрацыі ўзялі ўдзел 15 бамбавікоў, 25 зьнішчальнікаў, а таксама вадаплавы, зь якіх вёўся ракетны абстрэл. Паводле Рамсфэльда, у выніку ўдараў пашкоджаная сувязь і разбураныя некалькі лягяроў Талібану, дзе навучаліся тэрарысты. Ён адхіліў заявы талібаў пра зьбіцьцё аднаго самалёта і сказаў, што усе самалёты вярнуліся на базы. Са словаў Рамсфэльда, у Вашынгтоне лічаць, што Ўсама бін Ладэн працягвае хавацца недзе ў гарах Афганістану. Міністар абароны Вялікай Брытаніі Джэф Гун ня выключыў правядзеньня наземнай апэрацыі ў Афганістане. Ён сказаў, што гэтая магчымасьць разглядаецца разам зь іншымі варыянтамі. “Цалкам магчыма, што вынікі гэтых першых і наступных удараў настолькі сур’ёзна дэстабілізуюць рэжым Талібану, што ўжываньня наземных сілаў не спатрэбіцца. Але відавочна, мы рыхтуем цэлы шэраг ваенных захадаў і зразумела, што адзін зь іх – ужываньне наземных аддзелаў”. Гун падцьвердзіў, што ўдары ЗША і Вялікай Брытаніі нанесьлі страты 30 аб’ектам тэрарыстычнай сеткі Усамы бін Ладэна “Аль-Каэда” на ўсёй афганскай тэрыторыі.