НЬЮ-ЁРК. ААН аднавіла ў сыботу пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў Афганістан, якія былі перапыненыя пасьля нядаўніх тэрактаў у ЗША.
Дзьве буйныя партыі гуманітарных грузаў накіраваныя з Пакістану ў паўночныя раёны Афганістану, якія кантралюе кааліцыя, што супрацьстаіць талібам, а таксама ў Кабул, што знаходзіцца пад уладаю руху Талібан.
ЮНІСЭФ – арганізацыя ААН у справах правоў дзяцей – таксама накіравала на поўнач Афганістану груз з харчаваньнем і адзеньнем для дзяцей. Паводле прадстаўніка ЮНІСЭФ, перамовы пра гуманітарныя пастаўкі адбываюцца і з талібамі.
Усе ўстановы ААН на тэрыторыі, што кантралюецца рухам Талібан, былі зачыненыя талібамі 21 верасьня. Амаль усе супрацоўнікі гуманітарных арганізацыяў пакінулі Афганістан зь меркаваньняў бясьпекі.