[ 07:08 ]  Падчас адзначэньня першай гадавіны пачатку інтыфады шэсьць палестынцаў былі забітыя і больш за 40 параненыя

ЕРУСАЛІМ. Паведамляецца, што шэсьць палестынцаў былі забітыя і больш за 40 параненыя падчас адзначэньня першай гадавіны пачатку інтыфады ­ палестынскага паўстаньня супраць Ізраілю. Трое палестынцаў загінулі ўчора падчас выбуху ў мястэчку Рафах у Паласе Газа. Палестынцы вінавацяць у выбуху ізраільскіх вайскоўцаў. Зь ізраільскага боку камэнтароў на гэты конт не паступала. Гадавіна інтыфады была адзначаная мірнымі шэсьцямі і трыма хвілінамі маўчаньня на Заходнім Беразе і ў Паласе Газа. Прыхільнікі палестынцаў ладзілі таксама дэманстрацыі ў Іраку, Іране, Лібане, Ярданіі, Эгіпце і Емэне. Дэманстранты заклікалі да вызваленьня Палестыны і асуджалі Ізраіль і Злучаныя Штаты. Нягледзячы на няспынныя сутычкі, ізраільскія і палестынскія афіцыйуныя асобы правялі новы раўнд перамоваў, скіраваных на ўсталяваньне замірэньня.