[ 07:43 ]  Ва Ўкраіне сёньня будуць працягнутыя сьветкаваньні 10-й гадавіны незалежнасьці ад былога Савецкага Саюзу.

Кіеў. Ва Ўкраіне сёньня будуць працягнутыя сьветкаваньні 10-й гадавіны незалежнасьці ад былога Савецкага Саюзу. Украінскі прэзыдэнт Леанід Кучма, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін і македонскі прэзыдэнт Барыс Трайкоўскі возьмуць ўдзел у вайсковым парадзе ў Кіеве. Парад праводзіцца ў гонар 10-х угодкаў прыняцьця Украінскай дэклярацыі пра незалежнасьць. Таксама адбудзецца адкрыцьцё манумэнту, прысьвечанага украінскай незалежнасьці. Учора тры лідэры, а таксама польскі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі бралі ўдзел у сьвяточных мерапрыемствах. Пуцін і Кучма мелі двухбаковыя перамовы. Пуцін заявіў, што Расею і Украіну злучае тое, што называецца “стратэгічным партнэрствам”. Ён таксама сказаў, што гэтае партнэрства важнае для Эўропы і сьвету. Квасьнеўскі меў асобныя сустрэчы з Кучмам і Пуціным. Квасьнеўскі запрасіў Пуціна прыехаць зь візытам у Польшчу. ІТАР-ТАСС паведамляе, што візыт адбудзецца ў наступным студзені. Сёньня ў Кіеве адбудзецца сустрэча Пуціна і Трайкоўскага дзеля абмеркаваньня ролі Расеі ў канфлікце ў Македоніі.