“ТРЭБА ВЫЛЕЧЫЦЬ НАРОД АД СТРАХУ”

Валянцін Жданко, Менск

У пошце апошняга тыдня шмат віншавальных лістоў. Нашы шматгадовыя слухачы і аўтары (а гэта самыя зацікаўленыя і ўважлівыя крытыкі) ня толькі віншуюць Беларускую Свабоду з 50-годзьдзем, але і выказваюць свае заўвагі йпрапановы. Пачну зь ліста, які даслаў настаўнік Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну Ён піша:

“Як і вы, прагну дачакацца часу, калі станцыя будзе зачыненаяз прычыны непатрэбы. Але пакуль праца Свабоды ёсьць аб’ектыўнай неабходнасьцю дзеля праўдзівага інфармаваньня нашага грамадзтва пра яго самога і навакольны сьвет. Адначасна дзякую амэрыканскаму народу за ягоную падтрымку ідэяў дэмакратыі і свабоды, у тым ліку і ў Беларусі. Мушу зазначыць, што для багата каго зь беларусаў беларускія перадачы Свабоды ёсьць ці не адзінай магчымасьцю слухаць у роднай мове навіны і аналітычныя матэрыялы. У адказ на ваша запрашэньне “заставацца з вамі” хачу прамовіць: “Гэта вы заставайцеся з намі!”

Гэтая думка — пра тое, што настане час, калі ў Беларусі ня будзе праблемаў з распаўсюдам аб’ектыўнай інфармацыі, і тады адпадзе патрэба ў дзейнасьці Радыё Свабода — гучыць у многіх лістах. Некаторыя слухачы — як, напрыклад, праваабаронца Аксана Новікава, задумваюцца нават над тым, як у будучай дэмакратычнай Беларусі захаваць калектыў Свабоды. У сваім электронным віншавальным лісьце Аксана сярод іншага піша:

“Дзіўна, але я злавіла сябе на думцы, што мае пажаданьні могуць супадаць з пажаданьнямі на ваш адрас кіроўнага рэжыму, хоць і з розных прычынаў. Яны таксама хацелі бы, каб вы як найхутчэй спынілі вяшчаньне на Беларусь! А, калі яшчэ больш сур’ёзна, то ў новай свабоднай Беларусі я буду прасіць новыя ўлады, каб у сувязі з закрыцьцём (з прычыны таго, што адпала патрэба) Беларускай службы Радыё Свабода, яе калектыў быў запрошаны ў Беларусь у поўным складзе, каб стварыць тут новае Радыё Беларусь!”

Цікавая прапанова, Аксана. Відавочна, настане момант, калі беларускім журналістам давядзецца зноў перажыць карэнную зьмену ўсёй сыстэмы мэдыяў — пераход ад фактычна поўнай дзяржаўнай манаполіі да вольнага рынку і бесцэнзурнага слова. І досьвед працы дэмакратычнай журналістыкі будзе вельмі запатрабаваны ў Беларусі.

Ліст ад Барыса Япішкі зь вёскі Залядыньне Іванаўскага (Янаўскага) раёну. Слухач піша:

“Беларускую Свабоду слухаю амаль кожны дзень — увечары і раніцай. Я ўкраінец. Усе карэнныя жыхары нашай мясцовасьці — а гэта Янаўскі, Драгічынскі, Пінскі раёны — размаўляюць на палескім дыялекце ўкраінскай мовы. Палескі дыялект мог бы стаць і самастойнай мовай, але гэтаму многія ўплывовыя асобы актыўна супрацьдзейнічаюць. Я слухаю Беларускую Свабоду болей, чым іншыя радыёстанцыі, таму, што мне вельмі падабаецца, як вы шчыра і горача любіце беларускую мову і ведаеце яе лепш, чым я. Даспадобы мне і зьмест вашых праграмаў. Беларусь — шматнацыянальная дзяржава. Як на маю думку, дык дзяржаўнай мовай нумар адзін у Рэспубліцы Беларусь павінна быць беларуская, нумар два — расейская, нумар тры — украінская (палеская), нумар чатыры — польская, і гэтак далей”.

Быў, спадар Япішка, у гісторыі Беларусі такі пэрыяд, калі дзяржаўнымі лічыліся адразу чатыры мовы — беларуская, расейская, польская ды ідыш. Нават на дзяржаўным гербе БССР у той час (а гэта 20–30-я гады мінулага стагодзьдзя) былі надпісы на чатырох мовах. Але чатырохмоўе тое доўжылася нядоўга — вельмі хутка яно зьмянілася дзьвюхмоўем, якое спакваля перарасло ў татальную русіфікацыю ўсяго грамадзкага жыцьця. Фармальна ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы і сёньня. Але фактычна амаль ніякімі прававымі гарантыямі дзяржаўны статус беларускай мовы не забясьпечаны. Паспрабуйце дамагчыся, каб на дзяржаўнай беларускай мове з вамі размаўляў чыноўнік у райвыканкаме, каб па-беларуску вам напісалі адказ зь дзяржаўнай установы.

Настаўнік Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну падтрымлівае мяне ў спрэчках зь некаторымі слухачамі наконт асноўнай функцыі Беларускай Свабоды: ці павінна радыё адлюстроўваць розныя пункты гледжаньня, ці варта цытаваць у эфіры лісты слухачоў, якія крытыкуюць апазыцыю і непрыхільна ставяцца да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Мікалай Волчык піша:

“Спадар Валянцін Жданко, хачу пагадзіцца з вамі: мая выснова адносна галоўных прынцыпаў дзейнасьці вашага цудоўнага, адданага сваёй карыснай працы калектыву тая ж, што і ў вас. Галоўнае — інфармацыя. Не агітацыя, не прапаганда, а інфармацыя практычна аб усіх баках нашай будзённасьці. Выдатнай адзнакі заслугоўваюць многія вашы перадачы. Напрыклад, асабліва па душы мне, гісторыку, “Беларуская Атлянтыда”. Свабода становіцца асноўнай крыніцай інфармацыі для многіх беларусаў і стварае ўмовы для свабоднага абмену думкамі і спадзяваньнямі”.

Дадам, спадар Волчык, што якраз інфармацыі, праўдзівых навінаў пра падзеі ў Беларусі і вакол яе не хапае сёньня многім людзям, асабліва далёка ад сталіцы, дзе фактычна няма доступу да недзяржаўных мэдыяў. Многія проста ня могуць падпісацца на газэты, бо грошай не хапае нават на харчаваньне.

Электронны ліст, які даслаў наш сталы слухач зь Менску Валеры Грыцук. Ён піша:

“Нядаўна пачуў тэлефанаваньне на Свабоду аднаго са слухачоў — аб апазыцыi. Вельмi правiльна сказаў чалавек: трэба не крытыкаваць, а самiм нешта рабiць (рэальна быць) у апазыцыi. Безумоўна, апазыцыя наша слабая. Але чаму? Прапаную прысьвяцiць гэтаму пытаньню “Праскi акцэнт”. Апазыцыя такая, якi i народ, зь якога (бязвольнага, застрашанага) зьдзiўляецца ўся Эўропа. Дарэчы, маё (на вашую думку — дрэннае) вызначэньне народу Беларусi паўтарыў нейкi дробны начальнiк з Магiлёўскай вобласьцi падчас iнтэрвію. Кожная хвароба мае сваю назву. Але хваробу трэба лячыць. Трэба неяк вылячыць наш народ ад страху. Страх — гэта несвабода. Ня будзе страху — будзе Свабода”.

Гэта даўняя наша з вамі спрэчка, спадар Грыцук. Тое, што вы называеце “страхам быдла”, уласьціва любому чалавеку — у сёньняшніх беларускіх умовах, на маю думку, немагчыма, несправядліва было бы чакаць масавых праяваў грамадзянскай мужнасьці. Мы шмат разоў казалі пра аб’ектыўныя прычыны гэтага.

Ліст ад Аляксандра Літвінчыка зь вёскі Дзешкавічы Зэльвенскага раёну.Слухач піша:

“Жыву ў вёсцы. Бацькі памерлі, пакінулі хату. Пасадзіў малады сад. Ёсьць куры, сабака, кот. Заробкі ў калгасе — курам на сьмех. Моладзь звальняецца і едзе на заробкі ў Расею, але ж адтуль ня надта хто прывёз многа тых даляраў. Радыё Свабода слухаю гадоў 18, помню перадачы Язэпа Барэйкі. Беларуская праграма была тады ў эфіры 30 хвілінаў. Ну, што яшчэ пра сябе? У мяне дома на сьцяне вісіць партрэт Франкліна Рузвэльта — адразу як зойдзеш. Упершыню адчуў сябе свабодным я ў 1986 годзе, калі атрымаў свой першы сапраўдны заробак у Берасьці на мэблевай фабрыцы — дзесьці 270 з гакам савецкіх рублёў. Раней вучыўся ў ПТВ у Бабруйску, стыпэндыі там не плацілі. Сёе-тое перападала ад бацькоў, але якія заробкі ў простых калгасьнікаў — добра што на білет дадуць. А тут адпрацаваў месяц — і такія грошы. А табе ўсяго 22 гады. Купіў тады і джынсы, і красоўкі, і на працу езьдзіў на таксі. З таго часу лічу, што свабода — гэта фінансавая незалежнасьць. І ніхто мяне ўжо не пераканае ў адваротным”.

Зразумела, спадар Літвінчык, ня надта прывабная тая свабода, пры якой чалавек штодня пакутуе ад безграшоўя. Але тут вось якая залежнасьць: чым больш у людзей грамадзянскіх правоў, чым больш у дзяржаве прасторы, каб чалавек мог выявіць сваю прыватную ініцыятыву — тым больш заможныя ў такім грамадзтве людзі. Досьвед найбольш разьвітых краінаў Захаду сьведчыць менавіта пра гэта. І наадварот, чым больш жорсткая дыктатура — тым ніжэйшы жыцьцёвы ўзровень у людзей.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сяржук Мікуліч зь вёскі Куправічы Іўеўскага раёну і Алесь Шустоўскі з Барысава.

Дякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.