АГЛЯД РЭГІЯНАЛЬНАЙ ПРЭСЫ

Любоў Лунёва, Менск

“Брестский курьер” прапануе чытачом артыкул пра былога міністра сельскай гаспадаркі й харчаваньня Васіля Двараніновіча. Зьмешчана кароткая біяграфія былога міністра, які нарадзіўся ў Пінску. Чаму міністра сельскай гаспадаркі адправілі ў адстаўку якраз па заканчэньні веснавой сяўбы? Аўтар спрабуе адказаць на гэтае пытаньне і прапануе ў сувязі з гэтым некалькі вэрсіяў.

“Витебский курьер” надрукаваў здымкі пажараў, якія здараюцца штодня ў цэнтры Віцебску. Уначы нехта падпальвае двухпавярховыя павеці. Хто гэта робіць? Чаму? Міліцыя шукае вінаватых, заведзена некалькі крымінальных справаў.

У артыкуле “Рамантыкі начных дарог” журналіст апавядае пра начныя спаборніцтвы звыш сотні аўтааматараў на дыстанцыі чвэрць ангельскай мілі – 402 мэтры. Сярод іх шмат жанчын. Групы спаборнікаў складаюцца ў залежнасьці ад аб’ёму рухавікоў іх аўтамабіляў.

Выдаваная ў Маладэчне “Рэгіянальная газета” зьмясьціла заклік арганізацыі аховы птушак да грамадзянаў не забіраць дадому знойдзеных на дварэ птушанятак. Як правіла, дома яны не выжываюць. Арнітолягі тлумачаць, што сустрэтае вамі птушаня хутчэй за ўсё пакінула гняздо цалкам самастойна. Яго браты й сёстры, напэўна, знаходзяцца недзе непадалёк, і, як толькі вы адыдзецеся на бясьпечную адлегласьць, дарослыя птушкі прынясуць ім чарговую порцыю корму. Калі птушаня сядзіць на вуліцы, дарозе, дзе яно можа трапіць пад колы аўтамабіля, пад ногі няўважлівым людзям, у зубы сабаку, кату ці якому другому зьверу, асьцярожна перанясеце птушаня ў любое бясьпечнае месца ў межах той дзялянкі, дзе вы яго знайшлі.

Сёлета зь сярэдзіны траўня жыхары паўночнага паўшар’я нашай плянэты могуць убачыць яркую камэту С/2001 Q4 NEAT, адкрытую амэрыканскімі астраномамі летась 24 жніўня ў ходзе праграмы пошуку астэроідаў, якія цесна збліжаюцца зь Зямлёй.

Астраном-аматар з Маладэчна прапануе сваім земляком паназіраць за яркай камэтаю й дае яе каардынаты. Асабліва цікавымі будуць назіраньні аб’екта ў бінокль і невялікія тэлескопы. Пры большым павелічэньні можна будзе разгледзець структуру галавы й хваста аб’екта.