ЭКЗАМЭН ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ Ў ПОЛЬШЧЫ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сёньняшні нумар тыднёвіка “Ніва” распавядае пра выпускныя экзамэны па беларускай мове і літаратуры, якія адбыліся напярэдадні ў Гайнаўскай школе з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы. Зьвяртаюць увагу экзамэнацыйныя тэмы, якія напэўна адрозныя ад тых, што прапануюцца ў Беларусі. Прыкладам першая, якую абрала найбольшая колькасьць вучняў, гэта цытата зь Цёткі: “Думаць усюды аб народзе, родны край усюды сьніць”. Трэба прывесьці прыклады беларускіх літаратурных твораў, якія б даводзілі слушнасьць гэтых словаў. Шмат выпускнікоў у пісьмовай працы выказвалі свае думкі пра верш Рыгора Барадуліна “Каўчэг”, пісалі таксама пра творчасьць Васіля Быкава і эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў.

Цікава, што шмат хто з выпускнікоў хочуць пасьля вучобы ва ўнівэрсытэце вярнуцца на Гайнаўшчыну. “Тут наша культура і карані”, – казалі яны “Ніве”. Вынікі экзамэнаў будуць вядомыя праз тыдзень.

Тыднёвік зьмяшчае развагі Сакрата Яновіча пад назовам “Беларуская нацыя Эўропы”, дзе пісьменьнік разважае пра наступствы русыфікацыі, а таксама лёс беларускай меншасьці ў Эўразьвязе.

“Палякі цягнуць за сабой у Эўропу сваіх беларусаў. Беластоцкі край будзе ў Эўропе анклявам беларускай этнічнай тэрыторыі. Што гэта значыць? Перш за ўсё адкол ад мацярынскай Рэспублікі Беларусь, хаця яна нам і так ужо чужая з прычыны татальнай русыфікацыі. Наша ўражаньне такое, што ў Беларусі ўжо няма нацыі, а толькі савецкае насельніцтва – духоўна безаблічнае. Гэта не нацыянальная дзяржава, а сацыяльная, дзяржава ня сэрцаў, а жыватоў. Русыфікацыя Беларусі трагічная тым, што заглушае ўзьнікшую нацыянальную культуру, калянізуе, музэяфікуючы яе да ўзроўню археалягічнасьці”, – піша Сакрат Яновіч.

Напрыканцы адзначу цікавы факт з матэрыялу Ўладзімера Хільмановіча пра ўдзел беларускіх спартоўцаў у алімпійскіх гульнях. Дык вось аказваецца, што першы мэдаль у гісторыі гульняў для зборнай Польшчы заваяваў беларус з Горадні Адам Крулікевіч, які выступаў у конным спорце на алімпіядзе ў Парыжы ў 1924 годзе.