НА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ ЗАТРЫМАЛІ “КАРАЛЯ НЕЛАГАЛАЎ”

Тацяна Поклад, Вільня

Паводле статыстыкі, на беларуска-літоўскай мяжы больш папулярная кантрабанда, за апошнія тры гады колькасьць “нелегалаў” зьменшылася – альбо, проста зьменшылася колькасьць затрыманьняў?

Пра рост колькасьці нелегальных эмігрантаў казалася ў апошняй урадавай справаздачы пра нацыянальную бясьпеку Літвы, але дзяржаўная служба аховы мяжы заўсёды падкрэсьлівала, што нелегальныя эмігранты – гэта, бадай, найменшая праблема. За апошнія гады іх затрымалі ўсяго па некалькі дзесяткаў за год (да 1997-1998 гадоў гэта былі сотні чалавек).

Перамовы беларускіх і літоўскіх ахоўнікаў мяжы з удзелам кіраўнікоў памежных ведамстваў абедзьвух краінаў адбыліся зусім нядаўна. На гэтых перамовах адзначалася, што павялічыліся спробы кантрабанды цыгарэтаў на беларуска-літоўскай мяжы, а колькасьць “нелегалаў” – зьменшылася, – бо значна менш затрыманьняў. І, не пасьпелі скончыцца перамовы памежнікаў, як немалая група нелегальных эмігрантаў – 20 чалавек з правадніком – паспрабавала перайсьці мяжу зь Беларусі ў Літву.

Гэта былі грамадзяне Пакістану. А вёў іх спрактыкаваны і вядомы ў Літве праваднік, якога ў Літве даўно неафіцыйна называюць “каралём нелегалаў”.

Гэты праваднік цяпер мае імя Робэртас Папера, але ён добра вядомы памежнікам і пад іншым імем. Гэта літоўскі грамадзянін, ён зрабіўся вядомым некалькі гадоў таму, калі пераводзіў нелегальных эмігрантаў зь Літвы ў Польшчу, і тады зваўся Робэртас Станкявічус.

Пасьля таго, як ён быў выкрыты, ён зьмяніў прозьвішча і працягваў “працу” ужо на іншай мяжы – беларуска-літоўскай.

Паводле літоўскага тыднёвіка “Ekstrа”, гэтая супольная апэрацыя беларускіх і літоўскіх ахоўнікаў мяжы плянавалася такім чынам – засада была і зь беларускага боку, і зь літоўскага. Усю групу затрымалі блізу мяжы беларускія ахоўнікі, на беларускім баку. Арыштаваныя ўтрымліваюцца ў пастарунку ў Беларусі.

Вядома, што перапраўкай нелегалаў займаюцца дзеля матэрыяльнай прыбытку, большага, чым дае кантрабанда, хаця стаўленьне да гэтага кшталту дзейнасьці ў людзей звычайна болей непрыхільнае – кантрабандыстам і больш спачуваюць, і лічаць іх занятак рамантычным.

Яшчэ да таго, як Літва далучылася да Эўразьвязу перапраўка аднаго нелегальнага эмігранта зь Беларусі альбо Расеі праз Польшчу ў якую-небудзь краіну Заходняй Эўропы каштавала 5-10 тысяч даляраў, паводле дадзеных літоўскай паліцыі. Цяпер жа, магчыма кошты зьмяніліся. Як выглядае, пачынае зьмяняцца і стаўленьне да нелегальнай эміграцыі.

Паведамленьне пра арышт “караля нелегалаў” выклікала нечаканую рэакцыю ў паспалітых літоўцаў. У часе абмеркаваньня гэтае весткі на папулярным інфармацыйным інтэрнэт-партале delfi.lt, многія напісалі “Шкада чалавека, ён рабіў добрую справу”. Яго “працу” параўноўвалі з тымі, хто ратаваў ад сьмерці габрэяў у часе другой сусьветнай вайны, дапамагаючы ім нелегальна перасякаць межы.

Іншыя прыгадалі нядаўнія часы, калі самі літоўцы шукалі пасярэднікаў, якія б вывезьлі іх у вольны сьвет, і як яны былі ім удзячныя. Літоўцы мяркуюць, што нелегалы з Усходу ня будуць затрымлівацца ў іх краіне, накіруюцца далей на Захад. Ёсьць і іншыя камэнтары – людзі прыгадваюць, што Робэртас Папера быў два гады “няўлоўным” для літоўскіх мытнікаў і скептычна адзначаюць, што цяпер, пэўна, не расплаціўся з кім трэба, таму і быў схоплены, але зноў-ткі пры гэтым дадаюць: “Шкада чалавека”.