ТРУНЦЫ

Ягор Маёрчык, Трунцы

Валянціна Пракаповіч крочыла адзінаю вуліцаю сваёй роднай вёскі Трунцы. Ды ня крочыла, а ледзь перастаўляла ногі. У нейкую хвіліну старая зразумела, што апошнія сілы выйшлі. Яна прытулілася да дрэва, каб адпачыць. На той момант у незнаёмым паселішчы Ваўкавыскага раёну Гарадзеншчыны я знаходзіўся меней за паўгадзіны. Нават яшчэ не пасьпеў зарыентавацца, а таму вырашыў зьвярнуўся да бабулькі:

(Карэспандэнт: ) “Можа, вы мне дапаможаце?”

(Пракаповіч: ) “А можа, вы мне дапаможаце?”

(Карэспандэнт: ) “Можа, і я вам”.

(Пракаповіч: ) “Хутчэй вы мне дапаможаце, чым я вам”.

(Карэспандэнт: ) “А чым вам дапамагчы? Якія цяжкасьці?”

(Пракаповіч: ) “Усё жыцьцё адпрацавала ў калгасе. Некалі я за пустыя “палачкі” хадзіла. Паглядзіце на мае рукі — усё як граблі. А я вялікай пэнсіі не атрымліваю. Ёсьць няпоўныя 90 тысяч. За 25 сотак трэба заплаціць 125 тысяч. Скуль я магу ўзяць такія грошы…”(Плача.)

(Карэспандэнт: ) “Ціха-ціха... Супакойцеся, калі ласка, і ня плачце”.

(Пракаповіч: ) “Я плачу штодня, бо жыцьцё такое сабачае. Як можна перанесьці такое лыганства! Я старшыні так і сказала, бо ўсё залежыць ад яго, у ягоных руках улада: “Не патрэбныя вам пэнсіянэры, зганіце іх у адну кучу, абліце салярай, падпаліце — і хай яны дагараюць”. Мне ўжо 76 гадоў. Я ледзь па хаце соўваюся. Жыць трэба, а мужчыны ў мяне няма. Часам я бяз хлеба сяджу. Ісьцінны Бог! Няма за што яго набыць”.

(Карэспандэнт: ) “Сутыкаўся з такім, што калі чалавек ў сталым узросьце, на пэнсіі, не хапае грошай, ён нейкім чынам імкнецца падпрацаваць. Шмат хто займаецца тым, што гоніць самагон…”

(Пракаповіч: ) “О-о-о! З чаго я буду гнаць? З крапівы?!”

Што да бульбы, сытуацыя выглядае так. Тутэйшая калектыўная гаспадарка “Мацееўцы” ўсталявала для пэнсіянэраў таксу на апрацоўку зямлі: 1 сотка — 5 тысяч рублёў.

Кіраўніка СПК у ваколіцах Трунцоў у той дзень не аказалася. А ягоная падначаленыя растлумачылі, што ў іх кадравы крызыс. Працаздольных становіцца ўсё меней і меней, а зямлі толькі ж як і раней, дый плян дзяржаве трэба здаваць. Вось і імкнецца гаспадарка зарабіць на сваіх колішніх працаўнікоў, а яшчэ тут заахвочваюць працоўную міграцыю.

(Спадарыня: ) “На пэнсіі, але працую яшчэ ў калгасе. 48 тысяч за месяц зарабіла. А пэнсія — 120”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат людзей працуе ў гаспадарцы?”

(Спадарыня: ) “Працоўных там мала, бальшыня — пэнсіянэры. Зь Берасьцейскай вобласьці прыяжджаюць сюды на заробкі. У іх там, мабыць, працы няма”.

Зьвярнуцца да кіраўніка гаспадаркі, каб ён зьнізіў цану на апрацоўку адной соткі, а нямоглым пэнсіянэрам увогуле пасеяў бы бульбу “за так”. Такую прапанову я выказаў адразу некалькім жыхарам Трунцоў. Падаю тыповы адказ — зазначу толькі, што гэтая спадарыня, як і папярэдняя, абачліва адмовілася назваць сваё імя й прозьвішча.

(Спадарыня: ) “А-а-а! Што ён ўжо задумаў, тое й робіць. Што ён пачаў, тое будзе і канчаць”.

(Карэспандэнт: ) “Калі паскардзіцца, гэта можа зьмяніць сытуацыю да горшага?”

(Спадарыня: ) “Натуральна, што так. Ён будзе помсьціць. Тады ўжо ня тыя стасункі будуць”.

Уладзіслава Харытонік працуе на калектыўную гаспадарку апошні год. Далей будзе сам-насам з надзелам зямлі й высокімі коштам пры маленькай пэнсіі. Пра будучыню яна неяк ня думае, бо цяжкасьцяў хапае ў рэчаіснасьці.

(Харытонік: ) “Ой! Няма што казаць, як нам жывецца. Не хачу я нічога казаць. Аўтобус і той, бедны, ня пусьцяць раз на тыдзень, каб пэнсіянэры з хворымі нагамі дабраліся. А чым дабрацца старым людзям? І чым мне дабірацца? Я ж на ровар не сяду, ні на што іншае, бо ў мяне баліць нага. Сёньня няма ніякай дапамогі. Не хачу пра гэта казаць! Зьвярталіся ўсюды: і ў сельсавет і ў райвыканкам. Фігу ў нос. І няма ніякае дапамогі! У мяне тры гады таму памёр мужык. Дык мне калгас нават ня даў паліва на пахаваньне. Уявіце сабе: мне трэба было самой набыць паліва, каб пахаваць мужыка! Вось пахаваць мужыка не было паліва, а Шлык, намесьнік кіраўніка гаспадаркі, на буракі вазіў людзей па два рэйсы”.

Марыя Канапелька зь вялікімі пакутамі перастаўляе ногі. Для яе ці то два, ці то тры кілямэтры да аўтобуснага прыпынку — непераадольная адлегласьць. Гэтай пэнсіянэрцы толькі бы дабрацца да падворку, каб насыпаць курам, — і тое ўжо будзе вялікае шчасьце.

(Канапелька: ) “Нейкі поліартрыт адэнойдны, артрозаартрыт — невылечна. Ой! Хай Бог бароніць. Ні рук, ні ног няма. Адразу адняліся. Рукі й ногі папухлі. Зь мяне ўжо работнік нічога ня варты. Трэба ўжо зьбірацца ў зямлю. Калі чалавек хварэе, жыць няма ахвоты. У мяне ёсьць кума, яна кажа: “Як я п’ю гарэлку, я здаровая. А ты падыхай, калі ты нічога ня п’еш”. І што мне ёй на гэта адказаць? Няма чаго і адказаць. І яна п’е — і здаровая. А чаму я хварэю, ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “У вас тут добрае мэдычнае абслугоўваньне? Пра пэнсіянэраў дбаюць?”

(Канапелька: ) “Як крыху вымеш з кішэні, паглядзяць. Раскажу пра сваю ўрачыху. Яна прыпыленая нейкая, не паважае старых. Яна надта хуткая. Мы, старыя, нават не пасьпяваем зь ёю пагаварыць”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць у нашай праграме такая частка, што распавядае, што людзі ядуць. Вы, як гаспадыня, што ставіце на стол свайму мужу?”

(Канапелька: ) “Яму, як ваўку — трэба, каб было мяса тры разы на дзень. Катлеты пяку, адбіўныя раблю, суп вару”.

(Карэспандэнт: ) “А адбіўныя як робіце?”

(Канапелька: ) “Выкачаю ў муцэ і на яйку падсмажу, а пасьля складаю ў рандэлю, дадаю вадзічкі, тлушчу і тушу, каб яны мяккія былі. А вы што, кулінар?”

(Карэспандэнт: ) “Не, проста гэтым цікаўлюся”.

І толькі цяпер Марыя Канапелька заўважае дыктафон:

(Канапелька: ) “Пайшлі вы ў баню! Я каб ведала, што вы мяне запісваеце, я бы вам іншае казала. Вы ж хоць мяне нідзе не паказвайце! Госпадзі!”

Муж Марыі Канапелькі дзед Стась працуе за дваіх. Гаспадарка ў іх немалая — некалькі кароваў. Кажа, што ўвесь прыбытак ад здадзенага малака ідзе на тое, каб аплаціць узараныя соткі, скошанае сена й дровы зь лесу. А пэнсіі хапае адно толькі на хлеб. У гутарцы зь дзедам Стасем мы закранулі мясцовыя ўлады:

(Карэспандэнт: ) “Бывала ў вас такое, што прыедзе старшыня сельсавету, зьбярэ жыхароў вёскі ды запытаецца: як жыцьцё? Чым дапамагчы? Якія праблемы? Як цяжкасьці вырашаць будзем?”

(Канапелька: ) “Вы сьмеяцеся?”

(Карэспандэнт: ) “Не. Сур’ёзна пытаюся”.

(Канапелька: ) “Хто яго калі бачыў?! Я яго аднойчы бачыў. Тут некаторыя не зьмянілі пашпартоў, то ён прыехаў, гэтых людзей пафотаграфавалі. І ён зьехаў. Нічога ён не запытваўся, што каму трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Той жа сельсавет складаецца з дэпутатаў, якіх людзі абіралі…”

(Канапелька: ) “Колькі вам гадоў? Вы памятаеце савецкі час?”

(Карэспандэнт: ) “Натуральна, яшчэ піянэрам быў”.

(Канапелька: ) “Ну, дык там усе піянэры. Кажуць, што ўлада памянялася — гэта ўсё лухта”.

(Карэспандэнт: ) “А ці магчыма простаму чалавеку дамагчыся справядлівасьці?”

(Канапелька: ) ”Ні ў якім разе! Калі ты адзін і ў цябе няма плячэй, сядзі, маўчы і сапі ў дзьве дзіркі. Вы ведаеце, тут усё адно як за немцамі. Што ён паказаў пальцам — тое й рабі. Інакш ні храна табе ня будзе. А калі пачняце зь імі скандаліць, яны знойдуць прычыну, каб нечым вам ушчыміць”.

Лілія Пятрушкевіч мала чым розьніцца ад дваццаці астатніх жыхароў Трунцоў. Такая ж пэнсіянэрка. Таксама як і іншыя, жыве з уласна гаспадаркі. Як і ўсе, абураецца 5-тысячнай таксай і тым, што ў вёску ня ходзіць ніякі транспарт. Адрозьненьне толькі ў тым, што спадарыня Пятрушкевіч — стараста паселішча. Пры мікрафоне Радыё Свабода кабета трымае справаздачу: што яна зрабіла для таго, каб вырашыць згаданыя праблемы.

(Пятрушкевіч: ) “У райвыканкам тэлефанавала, старшыні сельсавету тэлефанавала. Ну й чаго я дамаглася?! Чаго я ад іх дамаглася?!”

(Карэспандэнт: ) “Але ж вы — стараста…”

(Пятрушкевіч: ) “Ой, дайце споку! Якая я тут улада? Матка Боска! Куды старому дзявацца? Пятлю на шыю ды вешайся на хрэн!”

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, у Ваўкавыску хутка будуць Дажынкі. Увесь раён упрыгожваюць. Можа, і да вас ужо гэтая хваля дакацілася?”

(Пятрушкевіч: ) “Дакацілася! Я нават палохала іх. Тэлефанавала ў райвыканкам. Кажу: “Калі не дасьцё аўтобусу, усе бабы зьбяруцца і паедуць на Дажынкі да Лукашэнкі!” “Ха-ха-ха! — зарагаталі мне. — Едзьце!” Ну, што яму скажаш? Улада ў іх”.