Ператрус распачаўся пасьля 15 гадзінаў. Старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ і галоўны рэдактар газэты “День” Мікола Маркевіч пасьпеў паведаміць мне па тэлефоне, што санкцыю падпісаў намесьнік абласнога пракурора Аніська. Ператрус праводзіць капітан КГБ Фядулаў. Паводле яго, з матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што некаторыя сябры ТБМ падтрымлівалі кантакты з Валерыем Леванеўскім — кіраўніком страйкаму прадпрымальнікаў Беларусі. Леванеўскі знаходзіцца цяпер за кратамі, ён арыштаваны за распаўсюд улётак.
Сьледчы мяркуе, што сябры ТБМ маглі дапамагчы вырабіць гэтыя самыя ўлёткі. Крымінальная справа, якую вядзе КГБ, грунтуецца на вершыку з улёткі, які прысьвечаны безназоўнаму карыкатурнаму пэрсанажу.
У памяшканьне, дзе адбываўся ператрус, нікога не пускалі. Праваабаронца Андрэй Кусяльчук меўся дапамагчы Міколу Маркевічу:
(Кусяльчук: ) “Я прыехаў да галоўнага рэдактара газэты “День” Міколы Маркевіча як яго прадстаўнік, ягоны абаронца. Аднак супрацоўнікі КГБ і міліцыі не дазволілі, каб я прысутнічаў, яны адмовілі Маркевічу ў праве на абарону”.