ЗАМЕЖНІКІ Ў БЕЛАРУСКІМ СПОРЦЕ – ЦІ ВЫЙГРАЕ БЕЛАРУСЬ?

Алег Дашкевіч, Менск

Ці ўплывае спартовая міграцыя на фундамэнтальныя асновы разьвіцьця спорту ў краіне?

Кожны беларускі аматар спорту шчыра парадаваўся за перамогу беларускіх біятляністак на этапе Кубка сьвету ў леташнім сьнежні. Але ж тры спартоўкі з таго залатога квартэту – Вольга Назарава, Кацярына Іванова і Лілія Яфрэмава – вырасьлі ў Расеі, а лідэр каманды Алена Зубрылава – ва Ўкраіне.

Нехта можа задацца пытаньнем: маўляў, дзе ж тут перамога Беларусі? Аднак дырэктар Рэспубліканскай школы вышэйшага спартовага майстэрства, чэмпіён Эўропы ў лёгкай атлетыцы Ўладзімер Падаляка ня бачыць у міграцыі асаблівай пагрозы.

(Падаляка: ) “Гэта праява свабоднага грамадзтва. Прыяжджаюць да нас спартоўцы ў тых відах, дзе ўжо ёсьць багатыя традыцыі. Здараецца, што менавіта ў гэты час, у гэтым месцы патрэбны гэты чалавек. Другая рэч, ня трэба спадзявацца, што тут нехта прыедзе і нешта зробіць за нас. Самім трэба ствараць спрыяльныя ўмовы, і толькі ў тым выпадку тыя, хто хоча сюды прыехаць, змогуць дапамагчы нешта падняць на больш высокі ўзровень”.

У гэтым сэнсе згадваецца перамога нацыянальнай хакейнай каманды над зборнай Расеі на чэмпіянаце сьвету ў Пецярбурзе, дзе былы расеец Уладзімер Цыплакоў закінуў колішнім суайчыньнікам вырашальную шайбу, а брамку беларусаў насуха ахоўваў таксама былы расеец Андрэй Мезін.

Біятляніст Вадзім Сашурын прыехаў у Менск юнаком і рэалізаваўся як спартовец, выступаючы менавіта за Беларусь.

(Сашурын: ) “Мне хацелася дасканаліцца, я ехаў на лепшыя ўмовы для трэніровак. Тыя ўмовы, той калектыў, у які я трапіў, мяне й затрымалі ў гэтай краіне. Існуе такая прымаўка – дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся, але не заўжды яна адпавядае сапраўднасьці. У сытуацыі зь біятлёнам – Зубрылаву, Іванову, Драчова дома не зразумелі, і яны пайшлі на крайнасьць. Хаця я ўпэўнены, што ўсе прыежджыя спартоўцы вернуцца на сваю радзіму і ня будуць жыць у Беларусі”.

Рэдактар тыднёвіка “Спорт-курьер” Уладзімер Даўжэнка бачыць у такой тэндэнцыі пагрозу. Ён лічыць, што міграцыя адмоўна ўплывае на дух спартовага змаганьня й пачуцьцё патрыятызму.

(Даўжэнка: ) “Зачахне такое слова, як патрыятызм. У Беларусі спартоўцы зьяўляюцца ў асноўным з Расеі ды Ўкраіны. Такіх варагаў у нашых зборных можна налічыць да трыццаці. У сытуацыі, калі на фінішы выйграюць сотыя долі сэкунды, мне здаецца, спрацоўвае ген патрыятызму. Ад яго няма куды падзецца, ты яго не кантралюеш, ён цябе кантралюе ў патрэбны момант. А цяпер бляску ў вачох не відаць. Людзі папросту адпрацоўваюць свае вялікія грошы”.

Майстар фрыстайлу Ала Цупер перабралася ў Беларусь з Украіны.

(Цупер: ) “Кепскія ўмовы былі ва Ўкраіне… Думаю, ува ўсіх такі самы матыў. Усё застаецца нерэалізаваным”.

Яе мэта – алімпійскі мэдаль – пакуль што ня спраўдзілася. Каб дасягнуць свайго, Ала гатовая цярпець і працаваць.

(Цупер: ) “Наколькі здароўя хопіць: можа, яшчэ гэтую Алімпіяду, можа, яшчэ наступную тут застануся, а пасьля, можа, усё зьменіцца…”

Я спытаўся ў Алы, ці ўплывае гэткая жыцьцёвая няпэўнасьць на ейную зацікаўленасьць мовай, культурай, традыцыямі Беларусі? Дзяўчына зразумела падтэкст пытаньня, аднак ня стала крывіць душой і адказала, што ёй папросту не хапае часу.

Такі факт – яшчэ адзін аргумэнт для той часткі заўзятараў, якія займаюць непрымірэнчую пазыцыю што да прысутнасьці ў нацыянальных камандах “варагаў”. Заўважу: у гэтым яны зусім не арыгінальныя. “Антывараскія” хвалі час ад часу накрываюць нават такія інтэрнацыяналізаваныя з гледзішча спорту краіны як Партугалія, дзе супраць наплыву бразыльцаў паўставалі ня толькі заўзятары, але і нават футбольныя аўтарытэты. Напрыклад, сам уладальнік “Залатога мяча”, паўабаронца партугальскай зборнай Луіш Фігу.

Гаворыць фанат менскага футбольнага клюбу “Дынама” Алесь Яўдаха:

(Яўдаха: ) “Гэта ненармальная практыка – запрашаць у нацыянальныя каманды людзей зь іншых краінаў. Адна рэч, калі яны этнічныя беларусы, якія выехалі адсюль, і зусім іншая рэч, калі гэта этнічныя расейцы ці ўкраінцы, ці яшчэ нехта. Па-першае, яны здрадзілі сваёй радзіме, па-другое, яны могуць замінаць разьвіцьцю маладых беларускіх спартоўцаў”.

Аднак міграцыя ідзе і ў зваротным напрамку. Маладыя й пэрспэктыўныя беларускія спартоўцы апынаюцца то ў Славеніі, то ў Нямеччыне ці Ўкраіне. Паміж Менскам і Кіевам палаюць не абы якія жарсьці ў змаганьні за пэрспэктыўнага футбольнага нападніка Арцёма Мілеўскага, які, у адрозьненьне ад вядомага Аляксандра Глеба, спакусіўся памяняць беларускае грамадзянства на ўкраінскае.

Каб вярнуць страчанае, прыходзіцца прыкладаць шматлікія намаганьні.

Гаворыць старшыня юрыдычнага дэпартамэнту Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Ільіч:

(Ільіч: ) “Мы можам прыгадаць выпадкі, калі беларускія футбалісты ў вельмі маладым узросьце пакідаюць нашую краіну. Калі Глеб гэта зрабіў цывілізавана і цяпер гуляе ў вельмі моцным нямецкім клюбе, дык Мілеўскі – нецывілізавана. Мы прыклалі ўсе намаганьні, каб свайго беларускага футбаліста захаваць за Беларусьсю, каб не было прэцэдэнту вельмі нэгатыўнага. Усе нашы крокі былі скіраваныя на тое, каб гэтую сытуацыю ўрэгуляваць. Мілеўскі – гэта справа гучная, але ёсьць такія футбалісты, як Варабей, як Кудзянаў, якія таксама пераехалі ў кіеўскае “Дынама” ў пятнаццаць гадоў, але яны не былі загуляныя за беларускія нацыянальныя каманды і адстаяць іх вельмі цяжка, таму што рэсурсы, якімі валодае кіеўскае “Дынама” й тыя клюбы, дзе яны рыхтаваліся, проста непараўнальныя”.

Матэрыяльны рэсурс – ключавое слова сучаснага спорту незалежна ад таго, пад чыім патранажам ён знаходзіцца, прыватнага капіталу ці дзяржавы. Мэдалі – гэта імідж краіны, гэта прыбытак. Беларусь тут не выключэньне, лічыць Уладзімер Даўжэнка.

(Даўжэнка: ) “Сьветам рухае дадатковая вартасьць і сэкс. У гэтым выпадку я інтэрпрэтую дадатковую вартасьць як мэдалі. Патрэбны тэрміновы посьпех, тэрміновы вынік. У нас за апошнія шэсьць гадоў памяняліся пяць міністраў спорту, і кожнаму трэба рапартаваць пра мэдалі, таму выгадней гатовага спартоўца запрасіць”.

Футбольны заўзятар Алесь Яўдаха катэгарычна за тых спартоўцаў, што гадаваліся ў Беларусі:

(Яўдаха: ) “Мэдалі зарабляць можна рознымі спосабамі, можна пускацца ў анаболікі, допінг, можна запрашаць замежнікаў, рабіць рознае махлярства з пашпартамі, але ў прынцыпе гэта ўжо будуць не беларускія мэдалі”.

Алімпійская чэмпіёнка ў штурханьні ядра Яніна Карольчык глядзіць на праблему пад крыху іншым ракурсам.

(Карольчык: ) “Трэба сваіх падымаць, хоць, можа, гэта й даражэй абыдзецца – выгадаваць свайго чэмпіёна. Запрасіць з другой краіны падрыхтаванага спартоўца, напэўна, будзе таньней”.

Спартовы мэнэджмэнт, як і спорт найвышэйшых дасягненьняў, патрабуе грунтоўнага падыходу, а не легкадумных мамэнтальных крокаў, лічыць Уладзімэр Падаляка.

(Падаляка: ) “Усім павінны займацца прафэсіяналы, тыя людзі, якія адказваюць за спорт, павінны сачыць за гэтым працэсам, каб нехта не вырашаў сваіх асабістых праблем за кошт імпарту”.

Аляксандар Лукашэнка некалі абяцаў, што беларускія зоркі будуць сьвяціць на Беларусі, а не па-за яе межамі. Час, аднак, паказаў, што пад любыя абяцаньні трэба падводзіць грунтоўную матэрыяльную базу. Ня толькі беларускі – сусьветны досьвед паказвае: процістаяць пошуку людзьмі спорту лепшых умоваў немагчыма – гэта натуральная зьява.

Гаворыць Уладзімер Даўжэнка:

(Даўжэнка: ) “Я бачу, што хутка будзе такая Алімпіяда, дзе ў фінальным забегу на сто мэтраў будуць бегчы не спартоўцы, але каманды, напрыклад, на першай дарожцы “Тампакс”, на другой “Мэрсэдэс”, на трэцяй “Ураджай”, усё да гэтага ідзе. Гэта проста воля часу”.

Вядома, у агляднай будучыні вызначаць ня толькі спартовую міграцыю, але й само разьвіцьцё спорту будуць грошы. Хоць некаму можа падацца, што гэта і нясе з сабой непрыемны прысмак.

Што ж да тых “новых беларусаў”, якія цяпер змагаюцца за алімпійскія ліцэнзіі для нашай краіны, то яны, без сумневу, прыкладуць усе намаганьні, каб дабрацца да Грэцыі й пасьпяхова там выступіць. Ім ёсьць што даказваць і былым суайчыньнікам, і новай радзіме, і самім сабе. Беларуская прэмія за залаты алімпійскі мэдаль складае шэсьцьдзесят тысяч даляраў.