Васіль Быкаў сустракаў свой апошні дзень перамогі тут, у Празе. У Чэхіі гэтую дату адзначаюць 8 траўня.
Летась гэта быў ясны сонечны дзень. Васіль Уладзіміравіч ужо пару тыдняў як выпісаўся са шпіталя пасьля апэрацыі і пачуваўся зусім няблага. Мы з жонкай паехалі зь ім і Ірынай Міхайлаўнай на Градчаны.
Там у парку ля прэзыдэнцкага палацу некалі хадзіў у садоўніках беларускі першадрукар. Калі колькі гадоў перад тым адкрывалі помнік Францыску Скарыну, прыехала афіцыйная беларуская дэлегацыя, маршыраваў прэзыдэнцкі аркестар, выступаў мэр. Разам з намі стаялі старыя чэскія дысыдэнты з “Хартыі-77”, якія трымалі плякаты і час ад часу голасна патрабавалі вызваліць беларускіх палітвязьняў. Потым адзін зь іх нахіліўся да мяне і спытаў, якое яшчэ патрабаваньне было б дарэчы. Я сказаў пра свабоду прэсы. Дысыдэнты набралі паветра і дружна выгукнулі:
– Свабоду ціску ў Беларусі!
Чаго-чаго, а ціску беларускі друк (па-чэску – tisk) зьведаў больш чым дастаткова...
Быкаў слухаў аповед, усьміхаўся, быў цудоўны цёплы дзень, па алеях гуляла шмат людзей, квітнеў бэз, духмяны водар ішоў ад нейкіх жоўтых кветак. Некалі, гадоў ужо дзесяць таму, я спытаўся, што яго больш за ўсё радуе.
– Прырода.
У Празе Быкавы любілі гуляць ў невялікім парку па суседзтву з домам. Здаецца, прырода – адзінае, што не расчароўвала яго ніколі. З Градчанаў адкрывалася прыгожая панарама Прагі, дуў лёгкі ветрык. Мы гаварылі пра літаратуру, і я спытаўся пра жанр прадмовы і яго адметнасьці.
– Пісаў, а як жа, – усьміхнуўся Быкаў. – Вось некалі напісаў аднаму журналісту для кніжкі “Зьдзек”.
У канцы 1980-х маю кніжку пра сталінскія рэпрэсіі пад такой назвай рыхтаваў часопіс “Маладосць”. Але рэдакцыя баялася, што без аўтарытэтнай прадмовы надрукаваць ня ўдасца. Кніга выйшла з прадмовай Быкава пад клясычным загалоўкам “Кроў і праклён”.
Гаварылі пра перамогу – з Градчанаў адкрываўся цудоўны від на горад, які ня быў разбураны вайной.
Назаўтра Быкаў зьбіраўся ехаць на Альшанскія могілкі з кветкамі на брацкую магілу савецкіх салдат. Па яго меліся заехаць супрацоўнікі беларускай амбасады. Украдзеная перамога – так можна сфармуляваць стаўленьне Быкава да гэтай даты. Але яно не распаўсюджвалася на тых, хто перамогу здабываў.
Мы зайшлі ў браму Градчанскага палацавага комплексу, прайшліся па ўнутраных дворыках, поўныя турыстаў і праскіх месьцічаў, селі пад парасонам у вулічным кафэ. Ірына Міхайлаўна дастала блякнот і аловак, і Быкаў пачаў маляваць. Некалькі штрыхоў, і на паперы зьявіўся малюнак нашай невялікай кампаніі – вельмі пазнавальны, дарэчы.
Дзень завяршалі вячэрай у італьянскім рэстаране. Сталы стаялі на двары пад старым раскідзістым дрэвам. Першы тост паднялі за салдат Перамогі – за Быкава.
Гл. таксама
ВАСІЛЬ БЫКАЎ: Я ЛІЧУ, ШТО ПЕРАМОГУ Ў НАС АДАБРАЛІ
ВАСІЛЬ БЫКАЎ: ЗДАБЫЎШЫ ПЕРАМОГУ, МЫ НЕ ЗДАБЫЛІ СВАБОДЫ