КАМІТЭТ МІНІСТРАЎ РАДЫ ЭЎРОПЫ АБМЯРКУЕ РЭЗАЛЮЦЫІ ПА БЕЛАРУСІ 19 ТРАЎНЯ

Юры Сьвірко, Менск

Тыдзень таму Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заслухала даклады Хрыстаса Пургурыдэса ды ўхваліла рэкамэндацыі камітэту міністраў наконт санкцыяў супраць Беларусі. Як паведаміла мне супрацоўніца сакратарыяту гэтага камітэту, вырашана, што беларускае пытаньне будзе разгледжанае на адным з паседжаньняў камітэту міністраў праз два тыдні:

(Супрацоўніца: ) “Я якраз рыхтую запісы для парадку дня наступнага паседжаньня намесьнікаў міністраў, якое адбудзецца 19 траўня. Што мы бачым у гэтых запісах наконт Беларусі, дык гэта тое, што намесьнікі разгледзяць рэзалюцыю ды рэкамэндацыі. Яны будуць прымаць рашэньне аб тым, каб зьвярнуць увагу сваіх урадаў на гэтыя рэкамэндацыі. І яны, напэўна, папросяць групу дакладчыкаў падрыхтаваць праект адказу, каб яго прыняць”.

Калі ўсё гэта будзе зроблена, распачнецца этап рэалізацыі тых рэкамэндацыяў, якія ўхваліла тыдзень таму ПАРЭ. Рэкамэндацыі аб санкцыях супраць Беларусі павінны прайсьці праз камітэт міністраў Рады Эўропы ды нацыянальныя ўрады да супольных органаў Эўразьвязу, толькі тады яны набудуць канкрэтныя абрысы.

Іншы супрацоўнік страсбурскага сакратарыяту Рады Эўропы, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, паведаміў Радыё Свабода, што адзінай афіцыйнай рэакцыяй Менску на рашэньні ПАРЭ стаўся ліст віцэ-сьпікера Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва:

(Супрацоўнік: ) “Мы атрымалі ліст ад намесьніка старшыні парлямэнту Беларусі на імя старшыні асамблеі спадара Шыдэра, дзе выказваўся пратэст у вельмі моцных фармулёўках супраць абразы чыноўнікаў, супраць таго факту, што спадар Пургурыдэс даверыўся несанкцыянаваным, неафіцыйным крыніцам, што ўрад зрабіў усё, каб забясьпечыць яго аб’ектыўнай інфармацыяй, а ён абраў неафіцыйныя крыніцы. Гэты ліст суправаджаў яшчэ адзін зь вельмі моцнымі выказваньнямі — ад беларускага дыплямата тут, які запатрабаваў, каб першы ліст быў распаўсюджаны сярод сяброў асамблеі. Што, натуральна, не было зроблена”.

Супрацоўнік сакратарыяту Рады Эўропы сказаў, што гэты беларускі дыплямат, Віктар Новікаў, пакуль не пазбаўлены службовага памяшканьня ў страсбурскім Палацы Эўропы ды ня мае абмежаваньняў на кантакты, бо рэкамэндацыі ПАРЭ тычыліся толькі беларускіх дэпутатаў, якіх у гэтым палацы больш не жадаюць бачыць. Аднак ён дадаў, што пасьля 19 траўня сытуацыя можа зьмяніцца, і спадара Новікава таксама ў Палац Эўропы больш ня пусьцяць.