“Мы ня ведаем, ці ёсьць у беларусаў доказы шпіёнскай дзейнасьці польскага аташэ ў Менску – польскія ўлады кажуць, што не. Але нават калі б ён і быў шпіёнам, то затрыманьне дыплямата акурат напярэдадні доўгачаканага візыту прэм'ера Сідорскага ў Польшчу магло мець толькі адную мэту – зрабіць, каб гэты візыт не адбыўся”, – піша аўтар артыкулу ў “Gazeсie Wyborczej”, ды далей спрабуе знайсьці адказ на пытаньне, каму гэта магло быць патрэбнае.
Аўтар адзначае, што “Польшча ўжо даўно ўтрымлівала з рэжымам Лукашэнкі дачыненьні на больш высокім узроўні, чым большасьць заходніх краінаў”, аднак да нядаўняга часу гэта “не прыносіла амаль што ніякіх вынікаў”.
“Але цягам апошніх месяцаў беларускія ўлады пачалі выказваць больш ахвоты да размоваў з намі. Адкуль гэтыя перамены? Прынамсі частка людзей з атачэньня Лукашэнкі зразумела, як да іх ставіцца Расея. Словы Пуціна пра мух і катлеты, а пазьней адключэньне газу паказалі беларускім кіраўнікам да чаго вядзе іхная ранейшая палітыка – да таго, што застаючыся адсталай дыктатурай, адгароджанай ад сьвету, раней ці пазьней Беларусь стане правінцыяй Расеі”, – адзначае “Wyborczа”.
Газэта піша, што гэта не азначае, што частка паплечнікаў Лукашэнкі раптам ператварылася ў празаходніх дэмакратаў, але яны прынамсі зразумелі, што могуць адкрыць для сябе магчымасьць такіх манэўраў паміж Масквой і Захадам, якія ўжо доўгі час выкарыстоўвае ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Кучма. Адсюль, піша газэта, сыгналы зь Менску пра жаданьне размоваў з Польшчай і Эўразьвязам у справе гаспадаркі, палітыкі і нават правоў чалавека. А візыт Сідорскага ў Варшаву, паводле штодзёньніка, мусіў гэтыя сыгналы ўзмацніць.
“Хто ж хацеў перашкодзіць гэтаму пляну? Перш за ўсё “менскія цьвёрдалобыя”, такія, як шэф беларускага КГБ Віктар Ерын – былы кіраўнік КГБ маскоўскай вобласьці. Яны вераць, што Беларусь павінна застацца дыктатурай, зьвязанай з Расеяй. А па-другое, тыя ў Маскве, хто ня хоча чуць ні пра якія спробы самастойнасьці Беларусі. Магчыма, што візыт Сідорскага разам сарвалі і тыяі другія”, – піша ў сёньняшнім нумары польская “Gazeta Wyborcza”.