ЯК СТАВІЦЦА ДА ПРЫЗНАНЬНЯЎ, ШТО ДАЮЦЬ У ЗЬНЯВОЛЕНЬНІ?

Альгерд Невяроўскі, Менск

Пераважная большасьць апытаных людзей ня надта давяраюць прызнаньням, зробленым у зьняволеньні, і прызнаньням Міхаіла Марыніча ў прыватнасьці. Вось чаму:

(Дзяўчына: ) “Сытуацыі бываюць розныя. У наш час увогуле нікому давяраць нельга. Так што ўсё залежыць ад сытуацыі”.

(Спадар: ) “Нельга, бо гэта прызнаньні, выбітыя пад ціскам. Чаму ж гэтыя прызнаньні могуць быць аб’ектыўнымі?”

(Хлопец: ) “На маю думку, не заўжды. Таму што вы ведаеце, што можа быць у зьняволеньні, тым больш з апазыцыйнымі палітыкамі? Проста на іх могуць аказваць ціск”.

(Спадарыня: ) “Не, бо там яны адчуваюць пэўны ціск, і таму гэта не зусім тое, што бы яны сказалі на свабодзе”.

(Спадар: ) “Я думаю, людзі, што знаходзяцца ў турме, ня могуць аб’ектыўна адказваць на гэтыя пытаньні. Я лічу, што ён абсалютна не вінаваты, і справа абсалютна сьлізкая”.

(Спадарыня: ) “Трэба ведаць, як там да яго ставяцца. Магчыма, быў на яго нейкі ціск”.

(Яе сяброўка: ) “Хутчэй з гледзішча псыхалёгіі, падчас ціску на любога чалавека дзеяньні чалавека непрадказальныя. Можа быць ня толькі фізычны, але і псыхалягічны ціск, і гэта ня кожны вытрымае”.

(Дзяўчына: ) “Відаць, нельга давяраць, але відаць, пэўная доля праўды там ёсьць”.

(Дзяўчына: ) “Можна давяраць у пэўнай ступені, але ня цалкам”.

(Студэнтка: ) “Гэта ўсё індывідуальна, кожнага чалавека трэба разглядаць асабіста. Кожны выпадак індывідуальны”.

(Спадар: ) “У 1938 годзе давяралі даносчыкам. Справа ў тым, што патрэбная правераная інфармацыя. Бяз спраўджанай інфармацыі гэта ўсё фікцыя”.

(Спадар: ) “Я сабе не давяраю, як я магу казаць за іншых? Таму ўсё гэта надзвычай адносна. І яму ня веру, і тым, хто яго арыштаваў”.

(Хлопец: ) “Калі чалавека захапілі, узялі пад варту і адбываецца прэсінг, стаіць камэра, зразумела, што чалавек ня можа быць адэкватным. І гэтым карысталіся. Гэта як стужкі ваеннапалонных. Гэта забаронена, бо ўсе бачылі як здымаюць людзей, што трапілі ў палон. Яны проста ня ведаюць, што рабіць. Так і тут. Дзеяньні ўлады абсалютна цынічныя і немаральныя”.

А вось меркаваньні тых, хто лічыць, што паказаньням людзей, дадзеных у турме, можна давяраць:

(Спадар: ) “Дзеля гэтага існуе закон. Ёсьць адвакаты, ёсьць правілы. Калі чалавек гаворыць, што ён гэта зрабіў, значыць, ён гэта зрабіў. Калі гаворыць, што не рабіў, значыць, не рабіў. Чаму б не давяраць?”

(Дзяўчына: ) “Пэўна можна давяраць. Неяк іх садзяць і за нешта, а яны павінны адказваць, што не вінаватыя”.

(Хлопец: ) “На мой погляд, Марынічу, калі ён так кажа, можна давяраць. І тое, што знойдзеныя ў яго грошы, гэта цалкам нармальна, што нейкія міжнародныя арганізацыі гэта ўсё спансіруюць. Я думаю, што калі ён так кажа, яму можна давяраць”.

Гл. таксама
• АДКУЛЬ У МАРЫНІЧА КАМПУТАРЫ І ФАЛЬШЫВЫЯ ДАЛЯРЫ?
• КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ