ЖЫВАЯ МОВА: МЯККІ ЗНАК

Юрась Бушлякоў, Менск

Пагаворым сёньня пра мяккі знак у беларускім пісьме. Нагодаю – зададзенае адным з нашых слухачоў пытаньне.

(Слухач:) “Я хачу запытацца, як правільна расставіць мяккія знакі ў слове сьцьвярджаць. Рэч у тым, што правапіс, які дадзены ў школьных падручніках, наколькі я разумею, не зусім дасканалы, таму падкажыце, калі ласка, як авалодаць роднай мовай, каб гаварыць і пісаць свабодна. Дзякуй”.

Перш як перайсьці да правапісу, крыху пра фанэтыку й вымаўленьне. На пачатку слова сьцьвярджаць тры мяккія зычныя. Мы вымаўляем [с’ц’в’арджац’] незалежна ад выбару намі адной зь дзьвюх беларускіх правапісных традыцыяў. Вядома, што мяккія зычныя [с’’], [з’’], [ц’’] і [дз’’] – вельмі яркая рыса гукавога ладу нашай мовы: яны маюць спэцыфічнае адценьне “шапялявасьці”, якое ўспрымаецца як асаблівая мяккасьць. Няма дзіва, што абумоўленую становішчам у слове мяккасьць названых зычных сьпярша стыхійна, а пазьней ўжо згодна з устаноўленымі правіламі адлюстроўвалі на пісьме. Пры такім адлюстраваньні на пачатку слова сьцьвярджаць два мяккія знакі – пасьля с і пасьля ц. Аўтары моўнай рэформы 1933-га, ідучы шмат у чым за расійскай правапіснай традыцыяй, пастанавілі эканоміць на мяккіх знаках – у абсалютнай бальшыні выпадкаў не пазначаць мяккасьці адных зычных перад мяккімі другімі. Так у БССР у слова сьцьвярджаць застаўся адзін, канцавы мяккі знак.

Пра адмоўны эфэкт гэтай эканоміі на вымаўленьне тых з нас, хто засвоіў ці засвойвае беларускую мову праз кніжкі, нямала сказана. Адсюль і частыя, настойлівыя ў апошнія два дзесяцігодзьдзі прапановы перагледзець нормы 1933-га. Прапановы, якія афіцыйнае беларускае мовазнаўства стараецца – у меру сваіх магчымасьцяў – ігнараваць.

Як бы там ні было і якім бы зь дзьвюх беларускіх правапісаў мы ні карысталіся, не забываймася на мяккасьць зычных у вымаўленьні. Гаворым па-беларуску: пе[с’’]ня, [с’’]вята, ла[з’’]ня, [дз’’]веры, [с’’ц’’]вердзіць.