Афіцэрам беларускага Міністэрства абароны, зь якім, паводле КГБ, ажыцьцяўлялі шпіёнскую дзейнасьць польскія спэцслужбы, быў журналіст вайсковай газэты “Во славу Родины” Аляксей Безьвясельны. Польскі амбасадар у Менску Тадэвуш Паўляк пацьвердзіў гэтае прозьвішча й дадаў, што спадар Безьвясельны часта наведваў польскую амбасаду і нават атрымаў ад яе ўзнагароду за адну са сваіх публікацыяў пра Польшчу.
“Ці не шкадуеце Вы цяпер, што ўзнагародзілі Аляксея Безьвясельнага?” – спытаўся я ў амбасадара Паўляка.
(Паўляк: ) “Ведаеце, можна шкадаваць толькі, што ёсьць такія людзі, якія могуць такую рэч зрабіць з чалавекам, які ўсё ж такі, мне здаецца, добрасумленна дагэтуль працаваў з намі”.
У чацьвер, калі зьявілася першая інфармацыя пра кантакты беларускага афіцэра з вайсковым аташэ Польшчы Казімежам Віташчыкам, у рэдакцыі “Во славу Родины” паведамілі, што спадар Безьвясельны захварэў. Я пазваніў на ягоны хатні тэлефон, аднак Аляксей Безьвясельны ўсё адмаўляў – ён зрабіў выгляд, што ўпершыню чуе пра затрыманьне польскага вайсковага аташэ.
У пятніцу супрацоўнік вайсковай газэты проста не адказваў па тэлефоне.
Блізкія да спадара Безьвясельнага людзі кажуць, што ён стаўся ахвярай КГБ, бо ня мог адмовіцца ад прапановы згуляць у шпіёна, інакш яму маглі сапсаваць афіцэрскую кар’еру. Паводле польскага амбасадара Тадэвуша Паўляка, акцыя КГБ была праведзена побач з амбасадай, у рэстаране Дома літаратара, падчас абеду вайсковага аташэ з Аляксеем Безьвясельным.
Амбасадар Паўляк не пагаджаецца з трактоўкай КГБ, што яго запрасілі ў гэты камітэт, і ён нібыта пагадзіўся з прадстаўленымі яму дакумэнтамі пра шпіянаж Казімежа Віташчыка.
(Паўляк: ) “Мне падаліся зусім беспадстаўнымі гэтыя довады. Проста яны паведамляюць, нібыта раней паінфармавалі – гэта ня так. Я не хачу ўжываць тут больш моцнае слова тут у гэтым пляне – гэта проста няпраўда. Калі затрымалі спадара Віташчыка, спадар Віташчык папрасіў, каб прыехаў у КГБ я”.
Варта нагадаць, што падобны выпадак у гісторыі КГБ ужо быў. У верасьні 2002 году на пяць гадоў турмы быў асуджаны дзяржаўны інспэктар камітэту каштоўных папераў пры Саўміне Беларусі Яўген Кукушкін за тое, што ў пачатку таго ж году нібыта прадаў расейскім бізнэсоўцам інфармацыю, якая ўяўляла сабой дзяржаўную таямніцу.
Аднак насамрэч супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў, якія прадставіліся яму расейскімі бізнэсоўцамі, прапанавалі купіць у яго інфармацыю пра дзейнасьць абароннага прадпрыемства “Пеленг”. Фактычна беларускія сакрэты дасталіся беларускаму КГБ, аднак чыноўніка арыштавалі ды асудзілі.
А ў красавіку 2001 году, напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, у Менску быў арыштаваны італійскі грамадзянін Анджэла Антоніа П’ю, які ў момант затрыманьня, паводле КГБ, атрымліваў дакумэнты, што зьмяшчалі зьвесткі вайсковага характару. Суд даў яму за шпіянаж чатыры з паловай гады, але італіец прызнаў сваю віну й папрасіў Аляксандра Лукашэнку яго памілаваць, што й было зроблена пасьля выбараў, у 2002 годзе.
Таксама перад прэзыдэнцкімі выбарамі, у ліпені 2001 году, нямецкі грамадзянін польскага паходжаньня Крыстафэр Лец атрымаў за шпіянаж 7 гадоў турмы. Спадар Лец быў выкладчыкам нямецка-амэрыканскага цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў імя Маршала. У яго знайшлі партатыўны кампутар з шыфрамі ды інкрымінавалі яму стварэньне на беларускай тэрыторыі сеткі з завэрбаваных мясцовых грамадзянаў. У 2002 годзе Крыстафэр Лец быў вызвалены і дэпартаваны зь Беларусі.
Перад самымі выбарамі, прыканцы жніўня 2001 году, дэпартавалі амэрыканскага грамадзяніна Робэрта Філдынга, якога абвінавацілі ў каардынацыі кампаніі “Выбірай!”.
А з дыпляматаў яшчэ ў 1997 годзе пацярпеў першы сакратар амбасады ЗША ў Менску Серж Аляксандраў, якога вымусілі пакінуць Беларусь пасьля абвінавачаньняў ў шпіянажы й падтрымцы апазыцыі.
Гл. таксама
КГБ БЕЛАРУСІ СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО ЗЛАВІЎ ПОЛЬСКАГА ШПЁНА
ПОЛЬСКІ БОК НАКІРАВАЎ ПРАТЭСТ ДА БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ