Міхаіл Марыніч працягвае ўтрымлівацца ў сьледчым ізалятары КГБ “Амэрыканцы”, аднак з 29 красавіка ён ужо лічыцца не затрыманым, а арыштаваным, патлумачыў прэсавы сакратар КГБ Аляксандр Базанаў.
(Базанаў: ) “Такім чынам, па-расейску гэта называецца ён арыштаваны. Адносна падазронага выбрана мера стрыманьня – заключэньне пад варту”.
Між тым адвакат Міхаіла Марыніча Валянціна Шыханцова паведаміла Радыё Свабода, што справу Міхаіла Марыніча нібыта перадалі з КГБ у менскую абласную пракуратуру.
“Паводле падсуднасьці“,– гэтак адвакату патлумачылі прычыну пераводу справы ў абласную пракуратуру. У перакладзе зь юрыдычнай мовы гэта азначае, што злачынства, у якім падазраецца Міхаіл Марыніч, не такое істотнае, каб ім займаліся на рэспубліканскім ўзроўні. Ад камэнтароў самой справы адвакат адмовілася.
Сын Міхаіла Марыніча Павал лічыць, што ў любым выпадку відавочная хісткасьць падазрэньняў супраць ягонага бацькі. Гэта тычыцца як знойдзеных ў Міхаіла Марыніча нібыта баявога пісталета і сакрэтных дакумэнтаў, гэтак сама і грошай.
(Павал Марыніч: ) “Паводле грошай ніякіх прэтэнзіяў няма. Няма складу злачынства. Таму відавочна, што ўсё гэта “ліпа” і гэтак далей.”
Гл. таксама
• КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ
• ЗА ШТО ЗАТРЫМАЛІ МІХАІЛА МАРЫНІЧА?
• КАЛІ ВЫПУСЬЦЯЦЬ МІХАІЛА МАРЫНІЧА?