Пра тое, што прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі не прыедзе на Эўрапэйскі эканамічны форум стала вядома ў сераду ўвечары. Гэтая навіна сталася абсалютнай нечаканасьцю для арганізатараў форуму.
“Я нічога пра гэта ня ведаю – лепш спытайцеся ў беларускай амбасадзе”, – паведаміў радыё Свабода прадстаўнік аргкамітэту форуму Анджэй Ёнас.
Прэсавы сакратар амбасады Беларусі ў Варшаве Усевалад Глушкоў пацьвердзіў толькі, што Сяргей Сідорскі не прыедзе.
(Глушкоў: ) “Прэм’ер не прыедзе. Наколькі я ведаю, гэта зьвязанае зь нейкімі унутранымі праблемамі. Прыедзе міністар фінансаў Зайчанка”.
Спасылка на ўнутраныя праблемы выглядае тым больш дзіўна, што сёньня беларускі прэм’ер мусіў сустрэцца са сваім польскім калегам Лешкам Мілерам.
Інфармацыйны цэнтар польскага ўраду, які адказваў за арганізацыю спатканьня Мілера зь Сідорскім, не распаўсюдзіў з нагоды адмены сустрэчы ніякага прэс-рэлізу, што ня ёсьць нармальнай практыкай у падобнай сытуацыі. У канцылярыі польскага прэм’ера даведацца пра тое, чаму Сяргей Сідорскі не прыехаў, таксама не атрымалася.
У Варшаву за тое прыехалі некалькі дзясяткаў беларускіх антыглябалістаў зь Менску, Горадні, Гомелю ды іншых гарадоў. Яны ўзялі ўдзел у вялікай дэманстрацыі антыглябалістаў, што прайшла пад лёзунгам “Глябалізаваць справядлівасьць”
(Карэспандэнт: ) “Як вам дэманстрацыя?”
(Антыглябаліст: ) “Добра, усё спакойна і мірна”
(Карэспандэнт: ) “А ў Беларусі штосьці такое магчымае?”
(Антыглябаліст: )“Ды дзе там!”
(Карэспандэнт: ) “Чаму ж?”
(Антыглябаліст: ) “Па-першае – людзей мала, а па-другое, усе мы ведаем, як нашыя ўлады абыходзяцца з масавымі акцыямі”.
Эўрапейскі эканамічны форум у Варшаве скончыць сваю працу заўтра. Галоўныя тэмы, што абмяркоўваюць прысутныя, гэта будучае агльнаэўрапейскага рынку і ягоная канкурэнтназдольнасьць па пашырэньні Эўразьвязу.