КАЛІ ВЫПУСЬЦЯЦЬ МІХАІЛА МАРЫНІЧА?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міхаіла Марыніча трэці дзень трымаюць за кратамі і, паводле закону, сьледчыя КГБ, якія вядуць ягоную справу, сёньня мусяць прад’явіць яму абвінавачаньне і пасьля гэтага абвесьціць арыштаваным, — альбо вызваліць. Прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў сказаў Радыё Свабода, што разьлічвае пры канцы дня мець ад сьледчых пэўную інфармацыю пра далейшы лёс Міхаіла Марыніча:

(Базанаў: ) “Да канца дня яшчэ ёсьць час. Мяркую, рашэньне будзе вынесенае”.

Між тым, сваякі Міхаіла Марыніча кажуць, што ня маюць ілюзіяў наконт гэтага рашэньня. Сын затрыманага Павал Марыніч мала спадзяецца хутка ўбачыць бацьку на волі:

(Павал: ) “Усё робіцца дзеля таго, каб даць яму нейкі тэрмін, умоўны ці не ўмоўны, каб ён ня мог балятавацца і весьці нейкую палітычную дзейнасьць”.

Ад Паўла Марыніча ўдалося даведацца пра некаторыя падрабязнасьці таго, як у ягонага бацькі былі знойдзеныя 90 тысяч даляраў. Гэта, паводле Паўла, адбылося ў суботу 24 красавіка. На вуліцы Арлоўскай у Менску супрацоўнік дарожнай інспэкцыі спыніў “Форд” Міхаіла Марыніча і папрасіў паказаць, што знаходзіцца ў ягоных рэчах — у прыватнасьці, у “дыплямаце”. Міхаіл Марыніч нібыта адмовіўся выканаць гэтую просьбу і літаральна празь некалькі хвілінаў побач зьявіўся супрацоўнік КГБ. Паводле Паўла, менавіта гэта дало падставу Міхаілу Марынічу казаць, што за ім сачылі і сплянавалі канфіскацыю.

Цягам наступнай гадзіны ў прысутнасьці панятых купюры былі агледжаныя, іх нумары перапісалі, аднак гаспадару не вярнулі. Супрацоўнікі КГБ прызначылі Міхаілу Марынічу час, калі ён мусіць прынесьці пацьверджаньне таго, што гэта ягоныя грошы. Пайшоўшы 26 красавіка ў КГБ на размову, Міхаіл Марыніч дамоў не вярнуўся.

Паводле адваката, якая сустракалася зь Міхаілам Марынічам у сьледчым ізалятары КГБ, той патлумачыў, што гэтыя грошы былі пазычаныя яму адным багатым расейцам. Імя гэтага чалавека адвакат не назвала. Дзеля чаго былі пазычаныя грошы, Павал Марыніч дакладна ня ведае. Ён спадяецца даведацца пра гэта пасьля сёньняшняй размовы адваката з бацькам.

Дарэчы, 29 красавіка адвакат Міхаіла Марыніча адвезла ў КГБ мэдыцынскую даведку аб ягоным стане здароўя. Паводле гэтых дакумэнтаў, у затрыманага палітыка хворае сэрца.

Тым часам на затрыманьне Марыніча адгукнулася латвійскае міністэрства замежных справаў. З 1999 да 2001 году Міхаіл Марыніч працаваў амбасадарам Беларусі ў гэтай краіне. 28 красавіка МЗС Латвіі распаўсюдзіла адмысловую заяву, у якой выказаныя апасеньні, што арышт Міхаіла Марыніча ёсьць зьвядзеньнем рахункаў рэжымам з палітычнымі праціўнікамі. МЗС Латвіі абяцае “сачыць за разьвіцьцём падзеяў у справе былога беларускага амбасадара Марыніча”.

Гл. таксама
• ДЭПУТАТЫ З “РЭСПУБЛІКІ” ЛІЧАЦЬ СПРАВУ МАРЫНІЧА ПАЛІТЫЧНАЙ
• КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ
• АФІЦЫЙНАЕ АБВІНАВАЧАНЬНЕ МІХАІЛУ МАРЫНІЧУ ДАГЭТУЛЬ НЕ ПРАД’ЯЎЛЕНАЕ