26-гадовы магілёвец учыніў у магілёўскім касьцёле пагром. Ён узламаў дзьверы касьцёла, разбурыў алтар і іканастас, зламаў статую Дзевы Марыі і выяву Хрыста.
Гэтае здарэньне адбылося ўначы 24 красавіка, а сёньня ў Магілёўскай абласной управе ўнутраных справаў паведамілі, што распачатая крымінальная справа.
Паводле інфармацыі прэсавага цэнтру ўправы, малады чалавек, які падазраецца ва ўчыненьні пагрому, затрыманы. Афіцыйна заяўлена, што ён быў пэяны і дзейнічаў з хуліганскіх намераў. Паводле словаў затрыманага, ён нядаўна разьвёўся з жонкай, быў у дэпрэсіі, піў і таму не кантраляваў сябе.
Ён абвяргае сваю прыналежнасьць да рэлігійных канфэсіяў і запэўнівае, што не мае варожасьці да католікаў. Аднак у гэтым сумняецца магілёўскі пробашч і дэкан Раман Факсіньскі.
(Факсіньскі: ) “Я баюся, што ён можа пад уплывам сэкты. Якая не любіць і праваслаўнай, і каталіцкай царквы. Гэта сатаністы. Не магу па-іншаму растлумачыць. Праўда, міліцыя ня можа пацьвердзіць гэтую вэрсію”.
Дакладную суму стратаў магілёўскага касьцёлу падлічыць камісія дэпартамэнту аховы помнікаў. Пашкоджаныя рэчы ня толькі дарагія (некаторыя зь іх пакрытыя сусальным золатам), але маюць яшчэ і гістарычна-культурную каштоўнасьць.
(Факсіньскі: ) “Аднак самае страшнае для касьцёла – гэта маральныя страты. Напляваць ім на нашую веру, гэта супраць свабоды… Для нас гэта самае страшнае”.
Выпадак вандалізму ў магілёўскім касьцёле – толькі адзін з цэлага шэрагу. У Крычаве невядомыя білі шыбы ў пратэстанцкай царкве, нехта разламаў іканастас у вагончыку праваслаўнага сьвятара, які кіруе будаўніцтвам царквы ў Магілёве. Нядаўна п’яныя падлеткі апаганілі дом Алеся Адамовіча ў Глушы. У чым прычына такіх страшных учынкаў? Вось меркаваньне ксяндза Рамана Факсіньскага.
(Факсіньскі: ) “Я так скажу, што ніхто не займаецца выхаваньнем людзей. Напрыклад, вакол касьцёла – п’янкі. Вакол касьцёла я ўжо не магу налічыць крамаў, дзе прадаецца гарэлка, усю ноч. П’яны народ – гэта страшна”.
Раман Факсіньскі паведаміў журналістам, што магілёўскія католікі маліліся, каб Бог памілаваў чалавека, які падняў руку на сьвятыя для іх рэчы, аднак разам з тым касьцёл мае намер настойваць на поўнай меры пакараньня, каб падобныя выпадкі больш не паўтарыліся.