ТРЭНЭР ЯРАМІРА ЯГРА РАЗВАЖАЕ ПРА БЕЛАРУСКІ ХАКЕЙ

Натальля Судлянкова, Прага

У складзе чэскай дружыны такія славутыя спартоўцы, як Марцін Страка, Марцін Ручынскі і, канечне ж, зорка чэскага хакею Ярамір Ягр. Але Ягр ня толькі спартовец. У Чэхіі ў яго ёсьць свая школа. З дырэктарам гэтай школы Марцінам Ялінкам, які адначасова зьяўляецца і асабістым трэнэрам Ягра, сустрэлася нашая карэспандэнтка.

Марцін Ялінэк – гэта зьява ў чэскім хакеі. Разам зь Ярамірам Яграм ён стварыў самую буйную ў Эўропе дзіцячую летнюю школу хакею.

Нас зацікавіла, што болей за ўсё ўплывае на разьвіцьцё гэтага спорту – грошы, наяўнасьць добрых трэнэраў або нейкіх праграмаў дзяржаўнай падтрымкі? Якім павінен быць чалавек, каб стаць спартоўцам усясьветнага ўзроўню? Марцін Ялінэк адказаў:

(Ялінэк: ) “Я думаю, што гэта заўсёды складаецца зь некалькіх аспэктаў. Нельга сказаць, што нейкі бок мае перавагу. Чалавек мусіць хацець перамагчы, імкнуцца да гэтай перамогі. Вызначыць сваю цэль і ісьці па шляху да гэтай цэлі. Канечне, на гэты шлях уплываюць грошы і жаданьне нешта даказаць. Але гэтую волю і жаданьне нешта даказаць не заменяць грошы. Бацькі могуць жадаць свайму сыну шчасьця і накіроўваць яго вучыцца ў самыя лепшыя школы. Але калі гэтыя бацькі хочуць перамогі болей, чым іх сын, ён ня будзе пераможцам. І таму я заўсёды кажу і бацькам, і сваім гульцам – галоўнае – жаданьне й воля дайсьці да цэлі”.

Посьпехі чэскага хакею Марцін Ялінэк тлумачыць вялікай працай трэнэраў, а таксама пэўнымі рысамі чэскага характару, пра якія ён кажа так:

(Ялінэк: ) “Мы ўсе – Швэйкі. Мы любім жартаваць і заўсёды выдумляем нешта, нават пад час гульні”.

Марцін Ялінэк пільна сочыць за разьвіцьцём хакею ў іншых краінах. Не прапускае ён і гульняў беларускай каманды.

(Ялінэк: ) “Я ведаю беларускі хакей. Гэта хакей вельмі добрага ўзроўню. Калі, напрыклад, узгадаць перамогу беларусаў над камандай Швэцыі на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці, дык гэта не было выпадковым. У спорце выпадковая перамога немагчымая. Заўсёды ёсьць фаварыт і аўтсайдэр. Швэды былі фаварытамі, беларусы – аўтсайдэрамі. Але беларусы гэную перамогу заслужылі. Крыху ім дапамог швэдзкі галкіпэр Сала, дапамагло і тое, што швэды недаацанілі беларускую каманду. Але менавіта таму спорт – гэта цуд, таму што з аднаго боку – плача славуты Сала, а зь іншага боку – эўфарыя беларусаў, тых гульцоў, якія назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю беларускага хакею”.

Сказаў асабісты трэнэр Яраміра Ягра, мэнэджэр хакейнай школы “Jagr-team” Марцін Ялінэк для Радыё Свабода.