18 год таму адказ на пытаньне, ці пагражае радыяцыя здароўю, асабліва дзіцячаму, падзяліў мэдыкаў на дзьве катэгорыі. Аптымісты заклікалі не драматызаваць сытуацыі і не правакаваць радыяфобіі ў жыхароў “чарнобыльскай зоны”. Паводле ж пэсымістаў, беларусам трэба глянуць праўдзе ў вочы і выпрацаваць меры для захаваньня здароўя. У ліку пэсымістаў была і дзіцячая лекарка, заснавальніца вядомай грамадзкай арганізацыі Беларускі камітэт “Дзеці Чарнобылю” Тамара Белавокая.
(Белавокая: ) “За гэтыя 18 гадоў колькасьць праблемаў вырасьла, і вельмі значна. Хоць сёньня кажуць, што ў тых раёнах як бы ўжо й не жывуць дзеці Чарнобылю, бо сёньняшнія дзеці нарадзіліся пасьля Чарнобылю, але Чарнобыль на іх адбіваецца вельмі значна”.
Напярэдадні чарговых угодкаў катастрофы на ЧАЭС з удзелам Беларускага камітэту “Дзеці Чарнобылю” была праведзеная працяглая экспэдыцыя, якую ладзіла Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў. Былі дасьледаваныя шэсьць раёнаў Беларусі, якія ў 1986 годзе густа пасыпала чарнобыльскім попелам: Веткаўскі й Хвойніцкі на Гомельшчыне, Слаўгарадзкі й Дрыбінскі на Магілёўшчыне, Столінскі на Берасьцейшчыне і Валожынскі – на Меншчыне. Вынікі гэтага дасьледаваньня несуцяшальныя. Паўсюль здароўе дзяцей мае адну і тую ж тэндэнцыю, сьцьвярджае спадарыня Белавокая:
(Белавокая: ) “Рэзка цяпер растуць хваробы, найперш анкалягічныя – за конт таго, што там асноўнымі прадуктамі харчаваньня застаюцца прадукты са сваіх прысядзібных дзялянак. І гэтыя прадукты забруджаныя: дзе адным цэзіем, а дзе і стронцыем. Хваробы найперш паражаюць сыстэмы вывядзеньня. Вельмі шмат захворваньняў страўнікавага тракту, мочавыдзяляльнай сыстэмы. Яны нарастаюць катастрафічна”.
Брагіншчына. Мястэчка Новая Ёлча знаходзіцца на самым поўдні раёну –мяжуе з Украінай. Адсюль да АЭС, як кажуць, рукой падаць. Тацяна Катлабай працуе тут лекарам у мясцовай амбуляторыі. Працуе ўсе 18 гадоў, якія мінулі пасьля выбуху на рэактары чацьвертага блёку. На яе вачох тамтэйшыя дзеткі гадаваліся, можна сказаць, ва ўмовах “натуральнага экспэрымэнту”. Вось як спадарыня Катлабай ацэньвае яго вынікі:
(Катлабай: ) “Вядома, я не скажу, што нашы дзеці абсалютна здаровыя. Ёсьць хранічныя хворыя. Ёсьць тыя, хто праходзіць дыспансэрны нагляд. У гэтых дзяцей зьніжаны імунітэт. Так, яны больш схільныя да прастудных захворваньняў, у многіх – сардэчна-судзінныя хваробы. Ёсьць дзеці, у якіх павялічана шчытападобная залоза. У нас усё жыцьцё была зона, эндэмічна неспрыяльная што да ёду, але ўсе гэтыя фактары, хоць і яе ў масавым парадку, але яны ёсьць”.
Непадалёк ад Брагіна месьціцца вёска Дублін. Ёсьць тут школа, у якой 64 вучні. Апроч дублінцаў, таксама дзеці з навакольных паселішчаў Валахоўшчыны, Юркавічаў. Тацяна Вароненка выкладае тут матэматыку. Прыехала сюды працаваць неўзабаве пасьля чарнобыльскага выбуху і з таго часу не пакідае Брагіншчыны. Пра здароўе школьнікаў выказалася гэткім чынам:
(Вароненка: ) “Хваліцца, вядома, няма чым. Здароўе кволае ў дзяцей. Хварэюць часта. Ровень радыяцыі павялічаны ўва ўсіх. У некаторых у некалькі разоў большы за дапушчальны. Практычна ў нас няма здаровых дзяцей”.
Паводле мэдычнай статыстыкі, за пасьлячарнобыльскі час у пяцьдзясят разоў, напрыклад, павялічылася колькасьць злаякасных захворваньняў і захворваньняў нэрвовай сыстэмы, на парадак вырасьлі інфэкцыйныя, псыхічныя хваробы, захворваньні крыві і органаў дыханьня.
Радыяцыя ў арганізм насельніка зоны паступае, як вядома, двума шляхамі – праз паветра і зь ежай. Прычым, паводле спэцыялістаў, асноўную долю радыянуклідаў – да 80-90% – тыя ж дзеці з забруджаных тэрыторыяў набіраюць сёньня з харчаваньня.
Гаворыць лекарка Тацяна Катлабай:
(Катлабай: ) “Ёсьць у нас дзеці, у сем’ях якіх малако забруджанае. Дык яны маюць павышаны ровень радыянуклідаў. Гэта сем’і, якія маюць малы дастатак. На сёньняшні дзень ежа – дары лесу ў асноўным. Ёсьць такія дзеці, зьбіраюць грыбы. І дзесьці ў зоне іхныя бацькі накасілі сена. У нас гэта забараняецца, але гэта робіцца, бо не хапае ворыва. А яшчэ косяць на няўдобіцах – бліжэй, вядома, да зоны”.
Цяперашнія сацыяльна-эканамічныя праблемы ўскладнілі жыцьцё ва ўмовах радыяцыі ня толькі жыхарам Брагіншчыны. Падобная сытуацыя, паводле Тамары Белавокай, назіраецца і ў іншых чарнобыльскіх раёнах:
(Белавокая: ) “Калі мы паспрабуем параўнаць з 1986 годам, дык ува ўсіх гэтых раёнах эканоміка пайшла ўніз. Апроч гэтага, беспрацоўе, нястача працоўных месцаў. Людзі ня могуць своечасова атрымаць заробак і нешта купіць для сваіх дзяцей. Ну, і сацыяльна-бытавыя ўмовы значна пагоршалі. У 1986-87 гадах тыя ж лазьні былі ў кожным калгасе. На сёньняшні дзень там і гэтага няма”.
Актыўнае згортваньне чарнобыльскіх праграм пачалося дзесяць гадоў таму –пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Ад новай палітыкі церпяць ня толькі дарослыя, але й дзеці. Скарачэньне фінансавых рэсурсаў на мінімізацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС павялічвае рызыку радыяцыйнага заражэньня. Гаворыць завуч школы ў Дубліне Брагінскага раёну Аляксандр Калясан:
(Калясан: ) “Вось жа ў нас у школе быў цэнтар. Цяпер ён зачынены часова. Мясцовы цэнтар радыяцыйнага кантролю, у якім правяралі прадукты харчаваньня. Але нешта там зь фінансаваньнем адбылося, і яго часова зачынілі. Пажадана, каб чыстыя прадукты харчаваньня да нас завозіліся. Таму што не зусім добра ў нас забесьпячэньне працуе”.
Абвешчаная ўладамі палітыка так званай рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторыяў пакуль што засталася на паперы. У рэальнасьці ніякіх практычных захадаў для паляпшэньня жыцьця насельнікаў забруджаных тэрыторыяў “вэртыкаль” ня робіць. Як вынік, паводле спадарыні Белавокай, дарослыя й дзеці, што жывуць у зоне, знаходзяцца цяпер у глыбокай дэпрэсіі
(Белавокая: ) “Многія адчуваюць сябе пакінутымі. Як сказалі нам у адным з калгасаў: “Што вы ў нас пытаецеся? Пра што ідзе гаворка? Мы,” – кажуць сяляне, – “наагул для ўсіх быдла, якое тут пакінутае. У найлепшым выпадку на нас можна нейкія досьледы ставіць. А што далей будзе з намі?”
Праблема выжываньня, такім чынам, сёньня цалкам ускладзена на саміх людзей. Каб адбіцца ад змрочных думак, многія зь іх лічаць за лепшае жыць ілюзіямі. Маўляў, нічога не здарылася: Чарнобыль – гэта фантом… Псыхалягічнае самааздараўленьне, лічыць настаўніца геаграфіі Ялчанскай школы Брагінскага раёну Ганна Бельчанка, мае вялізнае значэньне. Асабліва для дзяцей. Аднак гэтаму, на жаль, не аддаюць належнай увагі. І малыя застаюцца пакінутымі. Пра радыяцыйную небясьпеку чулі шмат, толькі ж усё тое пускаюць міма вушэй.
(Бельчанка: ) “Фактычна жыцьцё рухаецца бязь зьменаў, мне здаецца. Як было раней, так і засталося. Вядуць такі лад жыцьця, як і раней”.
(Карэспандэнт: ) “Як дзеці праводзяць лета?”
(Бельчанка: ) “А лета на Дняпры. У нас жа побач Дняпро. У лес ходзяць. Многія, вядома, хаця не дазволена, але ходзяць у лес і зьбіраюць грыбы. Грыбы й ягады, нягледзячы на тое, што ровень забрудненьня перавышае норму. Таму што радыяцыя нябачная. А жыцьцё патрабуе свайго. Дзіця расьце. Дзеці прыродай дыхаюць і з прыродай сябруюць. Таму што нікуды не падзенесься – чалавек ад прыроды неаддзельны”.
Натуральны радыяцыйны экспэрымэнт для паўмільёна беларускіх дзяцей працягваецца і праз 18 гадоў пасьля Чарнобылю. І гэта пры тым, што мэдычная статыстыка выразна адлюстроўвае шкоднасьць радыяцыйнага ўзьдзеяньня. Паўтары тысячы юных насельнікаў зоны сталі з гэтай прычыны інвалідамі Чарнобылю. Заўтра ўсе яны будуць дарослымі. Стануць рэпрадукцыйнай часткай беларускай нацыі. Народзіцца новае пакаленьне. Здаровае? Наўрад ці. Паводле адмыслоўцаў, каб папраўдзе мінімізаваць наступствы катастрофы, трэба ня згортваць чарнобыльскія праграмы, а пашыраць іх. Мэдычныя, сацыяльныя, эканамічныя. Трэба, каб клопат пра дзяцей Чарнобылю быў не адзін раз на год – 26 красавіка, а стаў у краіне штодзённай нормай жыцьця грамадзтва і дзейнасьці ўладаў.