ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА ПІША ПРА ЧАРНОБЫЛЬ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Gazeta Wyborcza” распавядае пра ўчорашні “Чарнобыльскі шлях”, у часе якога дайшло да затрыманьняў удзельнікаў акцыі.

“Паводле ўдзельнікаў дэманстрацыі, каля двух мільёнаў беларусаў дагэтуль жывуць на тэрыторыях, дзе узровень забруджаньня сьмяротна небясьпечны. Аднак прэзыдэнт Лукашэнка робіць усё, каб утрымаць жыхароў забруджанай зоны ў іхных вёсках і мястэчках ды накіроўвае туды нават новых перасяленцаў”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Яшчэ адзін агульнапольскі штодзёньнік “SE” ў матэрыяле “Памятай пра выбух”, адзначае, што каля 7 мільёнаў людзей у Беларусі, Украіне і Расеі пацярпелі фізычна і псыхічна ў выніку чарнобыльскай катастрофы.

У сваю чаргу адзін з найвялікшых польскіх інтэрнэт-парталаў onet.pl зьмясьціў некалькі артыкулаў, прысьвечаных гадавіне трагедыі. У адным зь іх гаворыцца, што кіраўніцтва Беларусі крытыкуе сусьветную супольнасьць за недастатковую дапамогу ў барацьбе з наступствамі выбуху.

“Але, як паведаміў прадстаўнік амбасады Нямеччыны ў Менску Ян Кантрочык, у ягонай краіне ня слабне жаданьне дапамагаць ахвярам чарнобыльскай катастрофы. Ён, аднак, падкрэсьліў, што ў амбасаду зьвяртаецца ўсё больш дабрачынных арганізацыяў, які скардзяцца на занадта складаныя працэдуры перадачы гуманітарнай дапамогі, зьвязаныя, у тым ліку, і з працай беларускіх мытных органаў”, – адзначыў нямецкі дыплямат, якога цытуе партал onet.pl.