АПТЫМІСТАЎ У БЕЛАРУСІ ПАБОЛЕЛА

Юры Сьвірко, Менск

Сакавіцкае дасьледаваньне НІСЭПД засьведчыла, што за мінулы год рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі вырас з 26% да 34%. Аднак амаль 49% апытаных гатовыя прагаласаваць за чалавека, які бы здолеў пасьпяхова канкураваць са спадаром Лукашэнкам на наступных выбарах. Але ведаюць такога чалавека толькі 10% апытаных. 55% лічаць, што пасаду прэзыдэнта мусіць заняць нехта іншы.

Апытаньне паказала, што дынаміка меркаваньня насельніцтва Беларусі пра асабістае матэрыяльнае становішча мае заўважную станоўчую тэндэнцыю. Таксама ў беларускім грамадзтве значна ўзмацніліся аптымістычныя настроі: год таму спадзяваліся на паляпшэньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне 15% апытаных, а горшага чакалі 43% — цяпер жа аптымістаў і пэсымістаў пароўну (23%).

Супрацоўнік НІСЭПД, былы міністар працы Аляксандар Сасноў тлумачыць:

(Cасноў: ) “На мой погляд, той аптымізм, які мы бачым на выніках дасьледаваньня, зьвязаны з узмацненьнем прапаганды дзяржаўных СМІ і ідэалягічных структураў, якія створаныя Лукашэнкам і ягонай камандай. Тыя недахопы і праколы, якія часам адбываюцца, гэтымі СМІ замоўчваюцца”.

Спадар Сасноў дадаў, што аб’ектыўныя паказьнікі не зьмяніліся: па-ранейшаму дзьве траціны сямейных даходаў ідзе на харчы і камунальныя паслугі — палепшылася стаўленьне людзей да гэтай сытуацыі.

Жыхары Беларусі пачалі больш давяраць беларускім рублям, хаця на першым месцы ў рэйтынгу даверу — даляр ЗША. А вось расейскія рублі карыстаюцца павагай толькі менш як аднаго адсотка апытаных.

Інтэграцыя з Расеяй таксама губляе прыхільнікаў. Калі год таму за адзіную дзяржаву Беларусі й Расеі з адзіным прэзыдэнтам, урадам, арміяй, валютай выказвалася больш за чвэрць апытаных, дык сёлета ў сакавіку — менш за 14%. Цяпер больш за чвэрць лічыць, што стасункі Беларусі з Расеяй мусяць быць такімі ж, як і зь іншымі краінамі СНД. Вось як камэнтуе гэта Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Стаўленьне стала больш дрэнным. Мы зьвязваем гэта з тым, што адбылося паміж Беларусьсю і Расеяй у час газавага канфлікту”.

Цікава, што сёлета больш за 7% апытаных заявілі, што асноўнай мовай паўсядзённых зносінаў для іх ёсьць толькі беларуская — гэта найбольшы паказьнік за ўвесь час апытаньняў (напрыклад, летась у кастрычніку цалкам беларускамоўнымі назвалі сябе менш за 3%).

І цікавае разьмеркаваньне адказаў на пытаньне “Якая дзяржава, на вашу думку, была першай у гісторыі беларускай дзяржавай?” Амаль палова апытаных заявілі, што ёю было або Вялікае Княства Літоўскае (амаль 35%), або Беларуская Народная Рэспубліка (15%). Толькі 17% выказаліся за БССР.