ДВУХ БЕЛАРУСКІХ УЦЕКАЧОЎ У ШВЭЦЫІ ЗАБІЛІ МАЛДАВАНЕ?

Ганна Сурмач, Прага

Беларусы Стакгольму распачалі сваё ўласнае расьсьледаваньне. Арганізатар расьсьледаваньня спадар Алесь паведаміў нам новыя зьвесткі ў гэтай справе.

(Алесь: ) “У прэсе зьявілася інфармацыя, што швэдзкая паліцыя затрымала двух беларусаў, якія быццам бы маюць адносіны да гэтага забойства. Пакуль я нават ня ведаю, хто яны, адкуль, увогуле ў газэтах нічога больш не напісана.

Яшчэ зьявілася інфармацыя пра швэда, што арыштавала паліцыя, які падазраецца ў датычнасьці да забойства. Ён прызнаўся ў турме, што ён зьбіваў гэтых нашых беларусаў. Больш нічога, на жаль, паліцыя не паведамляе.

Журналісты штодзённых швэдзкіх газэтаў "Мэтро" і "Стакгольм Сыты" пыталіся ў швэдзкай паліцыі, як забілі беларусаў. Але паліцыя адмовілася адказваць. Але трэба ім падзякаваць, што паліцыя не пусьціла справу на самацёк, справа расьсьледуецца, і гэта нас, беларусаў задавальняе, бо ў іншым выпадку мы былі ўжо гатовыя ладзіць акцыі пратэсту.

Мы вядзем сваё ўласнае расьсьледаваньне справы. Я магу зараз сказаць, што гэтыя людзі, якія быццам бы забілі нашых хлопцаў, яны былі з Малдовы. Мы гэта высьветлілі. За гадзіну да сьмерці бачылі нашых беларусаў, як яны сядалі да іх у машыну. Яны былі даволі вясёлыя, і выглядала ўсё добра. А тых людзей так і не знайшлі, яны зьніклі. Швэдзкая паліцыя падала дадзеныя ў Інтэрпол.

Я сёньня буду тэлефанаваць усім маім знаёмым тут беларусам. Праз пэўны час спадзяюся, што буду ведаць, хто гэтыя арыштаваныя беларусы, і ці маюць яны сапраўды нейкія дачыненьні да гэтага забойства".

Гэта была новая інфармацыя ад беларуса са Швэцыі спадара Алеся ў справе расьсьледаваньня забойства двух беларускіх уцекачоў, якіх знайшлі забітымі сёлета напачатку красавіка ў ваколіцах Стакгольму. Хлопцаў звалі Слава і Аляксандар. Старэйшаму зь іх было 35 гадоў, а маладзейшаму – 22. Абодва раней жылі ў Горадні.

Гл. таксама
ШВЭДЗКІЯ МЭДЫІ ПАВЕДАМЛЯЮЦЬ ПРА ЗАБОЙСТВА ДВУХ УЦЕКАЧОЎ ЗЬ БЕЛАРУСІ
ШВЭДЗКІЯ БЕЛАРУСЫ ТАКСАМА ПАЦЬВЕРДЗІЛІ, ШТО ГЭТА БЫЛІ БЕЛАРУСКІЯ ГРАМАДЗЯНЕ
ШВЭДЗКАЯ ПАЛІЦЫЯ ПАВЕДАМІЛА, ШТО ЗАБІТЫЯ – ГРАМАДЗЯНЕ БЕЛАРУСІ