4,5% — гэта падвышаны прагноз эканамічнага росту ў Беларусі на 2004 год, — гаворыцца ў справаздачы Эўрапейскага банку. Ранейшы прагноз быў 3,5%. Чым тлумачацца гэтыя лічбы?
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа, што эўрапейскія экспэрты робяць прагнозы здалёк і загадзя, ня ведаючы пабежнай эканамічнай сытуацыі ў краіне. Таму ацэнка гэтая, на ягоную думку, заніжаная. У той жа час, гаворыць спадар Заіка, у краінах СНД можна назіраць фэномэн імклівага эканамічнага росту. З гэтай прычыны да прагнозаў беларускіх ўладаў, паводле аналітыка, ня варта ставіцца з залішнім скептыцызмам — ВУП сёлета можа вельмі проста сягнуць 7-8%.
Леанід Заіка гаворыць і пра тое, што беларускі эканамічны рост адбываецца коштам росту ў Расеі.
(Заіка: ) “На расейскім рынку ўжо ад пачатку года недзе пад 13% рост прыбыткаў. То бок, расейскі рынак пачынае расьціскацца, як спружына. Гэта спажывецкі рынак. Ён пачынае хапаць і зьядаць усё, ён пачынае быць ёмістым паводле попыту. Калі б Беларусь была сама па сабе — гэтая маленькая абмежаваная прастора — і працавала толькі на суседнія малыя краіны, то нічога такога не было б.
Эканаміст Яраслаў Раманчук, наадварот, лічыць, што эўрапейскія экспэрты блізкія да ісьціны і паказваюць толькі рэальны рост беларускага ВУП.
(Раманчук: ) “І Эўрапейскі банк, і МВФ добра ўяўляюць, што беларуская статыстыка не адпавядае міжнародным стандартам, таму карэкцыя на 6-7% пунктаў ВУП — гэта звычайная рэч. Калі паглядзець на рэальнасьць, то Эўрапейскі банк безумоўна бліжэй да рэчаіснасьці”.
Пры гэтым, кажа экспэрт, Эўрапейскі банк ня мае ўласнай сеткі збору інфармацыі ў Беларусі — папросту бяруцца афіцыйныя статыстычныя зьвесткі ды карэктуюцца. Таксама да ўліку бяруцца вынікі сацыялягічных апытаньняў ды інфармацыя, якая паступае з крыніцаў у сфэры прыватнага бізнэсу.