НЯ ТОЛЬКІ МАЦІ, АЛЕ І БАЦЬКІ НАБІРАЮЦЬ ЛІШНЮЮ ВАГУ ПАСЬЛЯ НАРАДЖЭНЬНЯ ДЗІЦЯЦІ

Сяргей Абламейка, Прага

Многія жанчыны маюць праблемы зь лішняй вагой пасьля нараджэньня дзіцяці. Але вось жа новае дасьледаваньне амэрыканскіх мэдыкаў з унівэрсытэту Д’юк паказвае, што лішнюю вагу пасьля нараджэньня ў сям’і дзяцей набіраюць і таксама і бацькі. Публікацыя аб гэтым зьявілася ў “Журнале аб жаночым здароўі” (Journal of Women’s Health).

Аказалася, што фізычныя практыкаваньні і колькасьць ежы ў пасьляродавы пэрыяд маюць такое ж самае значэньне, як і гарманальныя зьмены ў арганізьме. Бацькі, асабліва тыя, што маюць больш за адно дзіця, больш ядуць і менш трэніруюца ў параўнаньні з часам, калі ў іх дзяцей не было.

У дасьледаваньні амэрыканскіх навкоўцаў узялі ўдзел 4 тысячы 523 пары ва ўзросьце ад 40 да 70 гадоў. Высьветлілася, што сярэдняя рызыка набору вагі пасьля кожных родаў для жанчыны складае 7%, а для мужчыны 4%. Раней жа пра ўплыў патомства на вагу бацькаў ніхто не задумваўся. Іншы вынік амэрыканскага дасьледаваньня – ня ўсе жанчыны маюць аднолькавую рызыку набору вагі пасьля родаў. Прыблізна для пятай часткі ўсіх маці яна значна большая і залежыць ад гарманальных ды фізыялягічных зьменаў у арганізьме падчас цяжарнасьці.

***

Калі вы ўцякаеце на кухню або выходзіце на лесьвічную пляцоўку пакурыць і абараніць такім чынам сваіх родных ад шкоднага ўзьдзеяньня тытунёвага дыму – вы павінны ведаць, што гэтых захадаў недастаткова. У дамах курцоў, якія старанна баранілі сваіх бліжніх ад так званага пасіўнага курэньня, рэшткі тытунёвага дыму і, адпаведна, нікатыну былі знойдзеныя на паверхнях вакол дому і ў хатнім пыле. Гэта асабліва небясьпечна для маленькіх дзяцей, якія шмат часу праводзяць на падлозе і маюць звычку знаёміцца зь незнаёмымі рэчамі, цягнучы іх у рот.

Амэрыканскія мэдыкі з Сан-Дыега дасьледавалі тры групы сем’яў. Адны сем’і без абмежаваньняў курылі ў сваіх дамах, другія выходзілі для гэтага ў двор або курылі ў памяшканьні, калі там не было дзяцей, а трэція не курылі наагул. Навукоўцы наведаліся ў дамы да падкантрольных сем’яў тры разы зь інтэрвалам праз тыдзень і кожнага разу бралі пробы з пакрыцьця ўсіх паверхняў, пробы пылу, аналізы мачы і валосься ўсіх немаўлятак, а таксама ўсталёўвалі фільтры для замеру чысьціні паветра.

Выявілася, што тыя, хто ня курыць у прысутнасьці дзяцей, каб абараніць іх, робяць гэта практычна дарэмна. Узровень прысутнасьці нікатыну ў пыле і аналізах дзяцей быў у 5-7 разоў вышэйшы, чым у тых сем’ях, дзе ня кураць зусім. У дамах, дзе курылі без абмежаваньняў, узровень нікатыну ў аналізах быў у 3-8 разоў вышэйшы, чым там, дзе ня кураць наагул. За тое прысутнасьць нікатыну ў мачы немаўлятак была прыблізна аднолькавая і там, дзе курылі без абмежаваньняў, і там, дзе ад дзяцей хаваліся.

***

Шмат бацькоў скардзяцца на кепскі апэтыт іхных маленькіх дзяцей. Фінскія навукоўцы вырашылі нядаўна праверыць, ці маюць такія бацькі прычыны сур’ёзна непакоіцца аб здароўі патомства. І аказалася, што прычынаў турбавацца няма.

Мэдыкі з унівэрсытэту фінскага гораду Турку апыталі бацькоў 500 5-гадовых дзяцей. Бацькам папанавалі запісаць усё, што зьелі іх дзеці за чатыры дні. Дзяцей, аб якіх бацькі казалі, што яны ядуць занадта мала, запісалі ў групу з нізкім апэтытам. Аказалася, што менавіта дзеці з гэтай групы маюць меншы рост і меншую вагу. Але пасьля высьветлілася, што меншыя рост і вагу яны мелі ўжо пры нараджэньні. Навукоўцы прыпусьці, што меншы апэтыт зьвязаны папросту зь меншымі патрэбамі. Калі ж колькасьць спажытай ежы была прыведзеная ў адпаведнасьць з вагой дзяцей у кожнай групе, аказалася што ўсе ядуць аднолькава.

Наагул, было знойдзенае толькі адно адрозьненьне. Дзеці з горшым апэтытам больш калёрыяў атрымліваюць ад закусак, а не ад асноўнай ежы. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што малыя дзеці самі стыхійна ў працягу дня рэгулююць колькасьць патрэбнай ежы.

***

А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Калі ідзе пра сон і яго працягласьць, дык навукоўцы схільныя называць лічбу 7 чароўнай. Нядаўнія дасьледаваньні паказалі, што людзі, якія ў сярэднім сьпяць па 7 гадзінаў у суткі, маюць найніжэйшы ўзровень сьмяротнасьці. Абсалютная большасьць людзей мае неабходнасьць у 6-8 гадзінах сну кожны дзень – гэтак мозг і цела адпачываюць найлепей. RealAge сьцьвярджае, што 6-8 гадзін сну ў дзень могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 3 гады маладзейшым.

2. Калі вы любіце семкі сланечніку – гэта добра і можа дапамагчы вам не захварэць на дыябэт другога тыпу – так называецца ня ўроджаная, але набытая цукроўка. Дасьледаваньні паказваюць, што вялікія колькасьці вітаміну Е, які зьяўляецца антыаксыдантам, ня толькі абараняюць клеткі ад старэньня, але і перашкаджаюць узьнікненьню цукроўкі. А семкі сланечніку – выдатная натуральная крыніца вітаміну Е. Адзінае, што есьці чорныя семкі лепш сырымі, бо пры цеплавой апрацоўцы колькасьць вітаміну Е зьмяншаецца. Навукоўцы таксама зьвяртаюць увагу, што як бы добра мы не харчаваліся, патрэбную колькасьць вітаміну Е ўсё роўна атрымаць цяжка. Таму лекары раяць рэгулярна прымаць вітамін Е. Атрыманьне 400 умоўных адзінак гэтага вітаміну ў дзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1 год маладзейшым.

І на заканчэньне сумны і адачасова кур’ёзны мэдычны выпадак. Чэскі актор Вітэслаў Яндак у інтэрвію газэце “Mlada Fronta Dnes” заявіў, што лекары выявілі ў яго рэдкі тып алергіі. Ён мае алергію амаль на ўсё – на ўкусы пчолаў, на пыл і на ўсе здаровыя прадукты – на курынае мяса, на рыбу і на садавіну з гароднінай. Затое ня мае алергіі на шкварку і на сьвініну наогул. Таму, з сумнай іроніяй заявіў актор, ён памрэ або ад высокага халестэрыну, або ад алергіі.