Андрэй Крупянкін дэбютаваў у 1997 годзе ў працэсе над намесьнікам старшыні БНФ Юрыем Хадыкам. Тады яшчэ дзейнічаў Дэкрэт №5, а не 167-мы артыкул Адміністрацыйнага кодэксу. Юрыя Хадыку абвінавачвалі ў арганізацыі масавай вулічнай акцыі, не санкцыянаванай уладамі. Судзілі некалькіх чалавек у Цэнтральным судзе і ўсе, апроч Юрыя Хадыкі былі пакараныя арыштамі і штрафамі. Назіральнікі тады заўважылі пэрспэктыўнага адваката, які вельмі аргумэнтавана і пераканаўча пабудаваў лінію абароны. Ён заўсёды адгукаўся на просьбы паўдзельнічаць у працэсах над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйных акцыяў, нягледзячы на тое, што гэтак званыя “палітычныя” працэсы ў судах ня маюць “юрыдычнай пэрспэктывы”.
З апошніх справаў самая вядомая — бацька і сын Казекі (Белдзяржхарчпрам і “Крышталь”). У гэтай справе шмат было розных нюансаў. На журналістку Ірыну Халіп і рэдакцыю газэты “Для Служебного Пользования”, якая ёсьць дадаткам да “Белорусской деловой газеты”, узбудзілі крымінальную справу. Там аўтарка распавядала пра тое, што фірма “Афганвет” мае непасрэднае дачыненьне да крымінальных паставак каньячнага сьпірту. Адначасова адвакат у справе Андрэй Крупянкін раптам трапіў ў рэанімацыю. Дыягназ — сэпсыс. Мэдыкі казалі, што клініка захворваньня не тыповая. Тады ў кулюарах юрысты паміж сабой шмат гаварылі пра гэта.
Калегі Крупянкіна адзначаюць ягоную прыстойнасьць і таму навіна пра тое, што яго арыштавалі, выклікала такую рэакцыю. Сьледзтва вядзе Ўправа ўнутраных справаў Менскае вобласьці. Пакуль яго абвінавачваюць у фінансавых парушэньнях.
Але, на думку адмыслоўцаў, гэта нават і непрынцыповае пытаньне, бо Андрэя чамусьці ўзялі пад варту і яшчэ тут ёсьць некаторыя моманты, незразумелыя калегам. Усе бачаць тут нейкія іншыя прычыны.
А вось меркаваньне Юрыя Хадыкі:
(Хадыка: ) “Я абавязаны Андрэю дапамогай у адной са шматлікіх справаў, калі мне ўдалося выйграць у нашага вельмі неаб’ектыўнага суда. Я абураны тым фактам, што зараз рэпрэсіі, якія рэжым скіроўвае супраць усіх незалежніцкіх дэмакратычных плыняў, тычыцца непасрэдна адвакатаў — людзей самай мірнай прафэсіі, людзей, якія ўжо ня могуць добрасумленна процістаяць таму гвалту, які робіцца ў краіне”.
Праз пару дзён можна будзе казаць пра акалічнасьці справы. Натуральна, гэтая справа выклікае рэзананс ня толькі ў асяродку юрыстаў.