БЕЛАРУСЫ ПАМІНАЮЦЬ КРЭЎНЫХ НА РАДАЎНІЦУ

Любоў Лунёва, Менск

Радаўніца бадай самае старажытнае сьвята, якое захавалася да нашых дзён у Беларусі. Уся вёска выходзіла на могілкі. Жанчыны гучна плакалі, а мужчыны ўпрыгожвалі крыжы. Потым на магілы ставілі ежу, каталі фарбаваныя яйкі. Елі й палівалі магілы віном, канунам, алеем. Лічылася, што так яны дзялілі стол з памерлымі.

Цяпер абрады крыху зьмяніліся, але людзі традыцыйна адзначаюць гэтае сьвята. Я наведала могілкі ў Пятроўшчыне, раён “Паўднёвы Захад” сталіцы і размаўляла зь людзьмі, якія прыбіралі магілы — што для іх гэтае сьвята? Усе кажуць, што перш за ўсё — адчуваньне сувязі з продкамі.

Могілкі ў Пятроўшчыне старыя, але ёсьць там тэрыторыя, дзе дазволілі новыя пахаваньні. Тут магіла славутага беларускага гісторыка Ўладзімера Емяльянчыка. Ён памёр летась 5 чэрвеня ў 48-гадовым веку. Уладзімер Емяльянчык быў адным з заснавальнікаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Ён выкладаў гісторыю там і ў БДУ. Людзі ведаюць ягоныя кнігі “Палянэз для касінэраў” і “Нарадзіўся я ліцьвінам…” На магілу да свайго бацькі прыйшлі сын Павал і дачка Юлія.

(Павал: ) “Калі памёр мой бацька — на пахаваньні было шмат вядомых у Беларусі людзей. Усе яны казалі шчырыя словы пра бацьку і пра ягоную працу ў прафэсіі. Разглядаючы дакумэнты, якіх шмат засталося пасьля ягонай працы, сам зацікавіўся. Я лічу, што цяпер гэта мой абавязак — працягнуць яго справу, дарабіць тое, што не пасьпеў дарабіць ён. Тым самым аддаць нейкую даніну памяці. У гэты дзень я ўзгадваю нейкія моманты нават зь дзяцінства. Можа ёсьць нейкая сувязь паміж памерлымі і жывымі?”

Юлія дадала:

(Юлія: ) “Побач з татам пахаваная наша бабуля. У іх з татам усё жыцьцё была цесная сувязь. Яны любілі адзін аднаго і дапамагалі. Цяпер нам шкада, што мала тэлефанавалі, мала прыходзілі адзін да аднаго. У такі дзень папросту хочацца папрасіць прабачэньня, папросту памаўчаць”.

Людзі, адказваючы на пытаньне: “Што для іх азначае гэтае сьвята?”, кажуць што пасьля таго, як наведалі магілы сваякоў, адчуваюць сябе лепш. Вось паслухайце, як чатыры чалавекі адказалі на гэтае пытаньне.

(Жанчына: ) “Гэта як сьвята. Мы ідзем, узгадваем усё сваё жыцьцё. Вось так…”

(Малады мужчына: ) “Кожны год ходзім на Радаўніцу. Ня толькі сюды. У мяне ў Радашковічах бабуля і дзед пахаваныя. Зараз у мяне будзе выходны, дык я яшчэ прыйду.”

(Сталая жанчына: ) “Тут бацькі. Адчуваеш Боскую ласку. Здаецца, што сустрэўся зь імі. Радаўніца – для душы! І для іх лягчэй, бо малітва пра іхны успакой”.

(Натальля: ) “Ня памятаць сваіх магілаў?! Дык як потым жыць?! Канечне, лягчэй, — вяртаесься адсюль і душа крыху чысьцей. У мяне тут дзед і дзядзька. Павітаюся і пакіну гасьцінцаў”.

З раніцы да вечару людзі ідуць і ідуць на могілкі.