ЖУРНАЛІСТКА ЗЬ БЯРОЗЫ ПАВІННА ЗАПЛАЦІЦЬ 500 ТЫСЯЧАЎ РУБЛЁЎ ШТРАФУ

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Нагодай для судовага разьбіральніцтва сталася выбарчая кампанія ў Белаазёрску, дзе летась у лістападзе адбываліся паўторныя выбары дэпутатаў гарадзкога савету. Адзін з выбарчых участкаў, які месьціўся ў Белаазёрскай гімназіі, наведалі назіральнікі і журналісты. У часе гутаркі са старшынёй участковай камісіі Нінай Пратасевіч была згаданая папярэдняя выбарчая кампанія. Тады суд пакараў спадарыню Пратасевіч адміністрацыйным штрафам за фальсыфікацыю вынікаў выбараў.

Ніна Пратасевіч цьвердзіць, што размову на гэтую тэму ў прысутнасьці назіральнікаў (у тым ліку грамадзяніна Швэцыі Тобіяса Люнгваля) справакавала карэспандэнтка “Газэты для Вас” Тамара Шчапёткіна. У суд Бярозаўскага раёну спадарыня Пратасевіч накіравала заяву аб абароне гонару і годнасьці, у якой запатрабавала спагнаць з журналісткі 5 мільёнаў рублёў за нанесеную маральную шкоду.

Сёньня суд прызнаў слушнымі доказы старшыні ўчастковай камісіі і загадаў спагнаць на яе карысьць з Тамары Шчапёткінай 300 тысячаў рублёў. Журналістка таксама мусіць сплаціць 190 тысячаў рублёў судовых выдаткаў.

Спадарыня Шчапёткіна лічыць, што ў такім судовым выраку зацікаўленая мясцовая вэртыкаль, якая працягвае ціск на журналістаў незалежнай газэты.

(Шчапёткіна: ) “Я пішу пра хібы ўлады. Пісала пра крадзеж, пра выбары, што на самой справе было. Вось улада і хоча заткнуць мне рот”.

Тамара Шчапёткіна зьбіраецца абскарджваць вырак у абласным судзе.