ІГАР ЧАРНЯЎСКІ: “КУРАПАТЫ — ГЭТА ТЭРЫТОРЫЯ”

Ганна Соусь, Менск

Адзінаццаць помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі прадстаўленыя на ўключэньне ўва ўсясьветны сьпіс помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Сярод іх Аўгустоўскі канал, гістарычны цэнтар Менску, Нясьвіскі комплекс, абаронная вежа ў Камянцы ды іншыя.

Як распавёў намесьнік міністра культуры Беларусі Ўладзімер Грыдзюшка, дзяржава найперш выдаткоўвае грошы на рэстаўрацыю Нясьвіскага і Лідзкага палацаў, палацу Паскевічаў у Гомелі, полацкага Сафійскага сабору, Мірскага замку ды іншых помнікаў. Прыкладам, асноўныя працы ў аднаўленьні Нясьвіскага палацу зоймуць два гады і будуць каштаваць каля 30 мільярдаў рублёў.

Начальнік адзелу археалёгіі сярэднявечча Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Сяргей Тарасаў распавядае пра тое, як у Беларусі руйнуюцца гістарычныя помнікі:

(Тарасаў: ) “У нашай зямлі шмат розных багацьцяў. Гэта курганы, паселішчы, нашы старадаўнія гарады. Такіх помнікаў у Беларусі каля 3 тысяч. На вялікі жаль, многія зь іх руйнуюцца. Гэта пракладкі новых трасаў, газаправодаў, нафтаправодаў, гэта проста будаўніцтва новых дамоў і раёнаў. У апошнія гады гэтая дзейнасьць вельмі актывізавалася. Будуецца ўжо фактычна Гарадзенская ГЭС, далей будзе будавацца Полацкая ГЭС. Побач са старажытным горадам Туравым праводзіцца газатраса. Гэта праводка нафтаправодаў з Расеі ў Польшчу. Ніводнага археоляга не запрасілі, і ніводнага помніка мы ня выратавалі”.

Як паведаміў археоляг Інстытуту гісторыі Сяргей Тарасаў, у траўні 2002 году беларускі ўрад прыняў пастанову аб ахове археалягічных аб’ектаў у зоне земляных і будаўнічых работаў. І гэта, паводле Тарасава, дазваляе цяпер археолягам ісьці, так бы мовіць, наперадзе бульдозэраў.

Тым часам на тэрыторыі ўрочышча Курапаты, якое ёсьць гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі, увесь час адбываюцца акты вандалізму, і фактычна ніхто не нясе адказнасьці за захаванасьць мэмарыялу. Я запыталася ў намесьніка начальніка ўпраўленьня аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, чаму дзяржава згодна з заканадаўствам не выконвае ахоўных абавязацельстваў у дачыненьні да гэтага помніку.

(Чарняўскі: ) “Курапаты сапраўды зьяўляюцца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Ёсьць дакладна вызначаныя межы гэтай тэрыторыі. Калі гаварыць пра тое, што там усталёўваюцца крыжы, і потым нехта іх зносіць, то гэта сапраўды вандалізм. Але пра кожную гістарычна-культурная каштоўнасьць павінна быць прапісаная, што на ёй ёсьць — тэрыторыя, аб’ёмныя аб’екты і гэтак далей. Курапаты — гэта тэрыторыя. Тое, што грамадзкасьць усталёўвае нейкія атрыбуты… Пакуль устаноўка гэтых атрыбутаў ня шкодзіць гэтай тэрыторыі як помніку гісторыі, гэта ўспрымаецца спакойна. Калі ж пастаноўка нейкіх атрыбутаў пачне шкодзіць, то напэўна і ў адносінах да такіх ініцыятываў грамадзкасьці давядзецца ўжываць пэўныя меры”, — заявіў прадстаўнік Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

Дарэчы, у суботу ў Курапатах сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” будуць аднаўляць крыжы, якія былі выкарчаваныя некалькі тыдняў таму невядомымі вандаламі. Пачатак талакі а 11-й гадзіне.