ЯК ХАРЧУЮЦЦА ВЯСКОЎЦЫ НА ЗАБРУДЖАНЫХ РАДЫЯЦЫЯЙ ТЭРЫТОРЫЯХ?

Севярын Квяткоўскі, Пяршаі

Можна дапусьціць, што за мінулыя пасьля Чарнобыльскай катастрофы гады беларусы, як “Ойча наш”, вывучылі правілы спэцыяльнага харчаваньня ды засьцярогі ад радыяцыі. Каб дазнацца пра стан рэчаў, карэспандэнт Свабоды выправіўся ў Валожынскі раён Менскай вобласьці, у вёску Пяршаі, на якую легла радыяцыйная пляма. Фон паветра там значна перавышае прыродныя 20 мікрарэнтгенаў за гадзіну:

(Карэспандэнт: ) “48 мікрарэнтгенаў за гадзіну. Побач калгасная пасека. Тут робіцца мёд, які пойдзе на продаж. Можа, у Менск, можа, далей, а можа, у найбліжэйшы Валожын. У Валожынскім райвыканкаме лічаць, што наўрад ці забруджаныя прадукты могуць трапіць на стол жыхароў Валожына”.

(Барахоўская: ) “У нас добра пастаўлены кантроль. У нас на рынку ёсьць кантрольны пункт: заўсёды харчы строга правяраюцца”.

Гэта словы Алены Барахоўскай, кіраўніка аддзелу інфармацыі Валожынскага райвыканкаму.

(Барахоўская: ) “Многія вёскі ўжо зьнятыя: чыстыя землі, чыстая прадукцыя. Увесь час выяжджаюць, робяць замеры. Мае бацькі таксама жывуць у такой вёсцы. У нас усё тут пад кантролем”.

Я кіруюся ў вёску Пяршаі, што за сямнаццаць кілямэтраў ад Валожына.

***

(Спадарыня: ) “Самі Пяршаі й некалькі населеных пунктаў – яны ўсе у зоне 1-5. У саміх Пяршаях цэзію 1,42 кюры на кілямэтар квадратны. Але нормай лічыцца да адзінкі. Ну, гэта павышаны ровень”.

Так мне патлумачыла супрацоўніца аддзелу радыяцыйнага кантролю Белгідрамэтцэнтру. У Пяршаях да нядаўняга часу працаваў Рэабілітацыйны цэнтар для жыхароў чарнобыльскае зоны. Дырэктар цэнтру Яўген Бараноўскі ад першага студзеня застаўся без пасады. Закрыцьцё патлумачылі адсутнасьцю грошай. А ў саміх Пяршаях ды ваколіцах скасавалі большасьць чарнобыльскіх ільготаў. Маўляў,
тэрыторыя ачысьцілася.

(Бараноўскі: ) “Калі раней чыстыя кавалачкі зямлі яшчэ былі, то цяпер праз рух транспарту разносіцца па ўсёй тэрыторыі”.

У адказ на пытаньне, чаму ж улады гавораць пра бясьпеку жыцьця ў Пяршаях, Яўген Бараноўскі адно робіць знак – не для дыктафона. Але паспрабуем разабрацца.

***

Чалавек жыве на сваёй зямлі, якую праз трагічны выпадак забрудзілі радыенуклідамі. Чалавеку кажуць, што жыць на зямлі можна: і дзяцей гадаваць, і сеяць хлеб. А калі радыяцыйны фон завышаны, дык папросту трэба правільна харчавацца. У пяршайскай школе дзеці харчуюцца па-рознаму, тлумачыць дырэктар:

(Дырэктар: ) “Радыяцыйныя харчуюцца на суму 4500 рублёў. Нерадыяцыйныя – у нас іх некалькі чалавек – у адных сума 915 рублёў, у другіх – 745 рублёў”.

Як на першы погляд, дык порцыі, што я ўбачыў у школьнай сталоўцы, нічым асаблівым не вызначаюцца. А ці ведаюць бацькі дзетак, як трэба правільна харчавацца, жывучы ў радыяцыйнай зоне? Размаўляю з прадавачкай вясковай крамы, што месьціцца тут жа побач – праз дарогу:

(Прадавачка: ) “Грэчка патрэбная – яна дарагая. Соль ёдаваная ёсьць, бяруць яе заўжды. Ну дык што? Больш рыбы есьці. Хто яе возьме за пяць тысяч? Ува ўсіх грошай няма. Хай бы меншыя цэны зрабілі нам, раз мы радыяцыйная зона. Нам такога не даюць. Цукеркі радыяцыі ня зьменшаць”.

Побач мужчына купляе дзьве пляшкі гарэлкі:

(Селянін: ) “Вітаміны ямо і гэтую радзімую… “антыбіётыкі” прымаем”. (сьмех) “Бацька” сказаў зь верху, што піце болей гарэлкі, здаравейшыя будзеце. А што болей? Самы дзяшовы прадукт. Хлеба не дакупіцца, мукі таксама – усё дарагое. А яна (гарэлка) дзяшовая, радзімая”.

Яшчэ адзін вясковец:

(Вясковец: ) “Ну цяпер жа прадаецца ёдаваная соль, лічаць дастатковым. Усе ўжо прызвычаіліся, і ніякіх вялікіх стрэсаў на гэтай глебе не бывае”.

У кожным выпадку ў сьвядомасьці людзей сядзіць думка пра небясьпеку забруджанага харчаваньня. Паспрабуем дапамагчы парадай жыхаром вёскі Пяршаі.

***

Правільна падабраны рацыён ды апрацоўваньне прадуктаў могуць значна паменшыць шкоду радыяцыі. Пэўна, можна дапусьціць, што за мінулыя ад Чарнобыльскай катастрофы васямнаццаць гадоў беларускія кнігарні запоўніліся навукова-папулярнай літаратурай па радыяцыйнай праблематыцы. У прыватнасьці пра спэцыяльны “чарнобыльскі” рацыён. Зьвернемся у адну з галоўных мэдычных кнігарняў краіны – менскую краму “Мэдкніга”:

(Прадавачка: ) “Дзевачкі, рэцэптура харчаваньня для жыхароў раёнаў, забруджаных радыяцыяй? Няма такога? Не, няма”.

Дык няўжо для беларуса няма простай дарогі па такую канечне патрэбную інфармацыю? У адрозьненьне ад жыхароў вёскі Пяршаі, менчукі свабодна карыстаюцца інтэрнэтам. Адно пытаньне ў пошукавую сыстэму, і зьяўляецца процьма спасылак на чарнобыльскі рацыён. Працытую ўкраінскі недзяржаўны інтэрнэт-рэсурс, які месьціцца па адрасе stopatom.slavutich.kiev.ua:

“Кулінарнае апрацоўваньне некаторых прадуктаў зьніжае ровень забруджанасьці гатовых страваў. Так, ачышчэньне рыбы ад лускі, плаўнікоў, галавы й нутраных органаў, разьбіраньне на кавалкі па 50-100 грамаў і вымочваньне у чатырох-шасьціпрацэнтным растворы солі цягам 20-24 гадзін зь неаднаразовай зьменай раствору зьніжае ўтрыманьне цэзію ў тушцы рыбы на 87-99%”.

Няма сэнсу цытаваць увесь артыкул. Варта зазначыць, што, жывучы ў забруджанай зоне, трэба штодня есьці сьвініну, птушку, рыбу ды іншыя мора-прадукты, грэцкія арэхі, а таксама піць сокі зь мякацьцю. А японцы яшчэ ад часоў Хірасімы спажываюць яйкі перапёлкі. І, нарэшце, меркаваньне доктара Бараноўскага:

(Бараноўскі: ) “Чыстыя прадукты харчаваньня – усё, што трэба для арганізму”.

Ці можна ў Беларусі быць пэўным, што купляеш чыстыя харчы? Некаторыя дактары паўжартам мне казалі: чым далей радзіма прадукту, тым больш пэўнасьці, што ён чысты:

(Гандлярка: ) “Фэйхоа вельмі карысны. У асноўным вязем з Грузіі. А цяпер з Калюмбіі, і ён вельмі дарагі. Тут ёду вельмі шмат: для шчытавідкі, для сэрца… Такі карысны, салодкі. Ужо прадаем гады тры. Такі, як зялёная сунічка. Ёду вельмі шмат у самой лушпайцы”.

Гутару з гандляркамі менскага камароўскага рынку. Фэйхоа цяпер каштуе 40000 рублёў за кілю. Апрача Калюмбіі, сярод асноўных адрасоў садавіны й гародніны Паўднёвая Афрыка, Індыя, Ізраіль, Гішпанія, Галяндыя ды іншыя.

(Другая гандлярка: ) “Ківі, авакада. Авакада ўтрымлівае практычна ўсю табліцу хімічных элемэнтаў. Ківі – гэта аграмаднае ўтрыманьне вітамінаў. Чырвоны вінаград вельмі карысны”.

Гутару з пчаляркамі:

(Пчалярка: ) “Увесь час пытаюцца: адкуль пасека, дзе пасека, які раён, якая вобласьць? З нашых купляньнікаў амаль усе пытаюцца”.

(Другая пчалярка: ) “У нас на кожны від мёду аналіз ёсьць. Кожны від мёду кантралюецца”.

Калі на рынках строгі кантроль, куды можа пайсьці мёд з калгаснай пасекі, што пад вёскай Пяршаі, дзе радыяцыйны фон паветра перавышае норму ў два з паловай разы?

(Пчаляркі: ) “Цяжка сказаць, куды ён пойдзе… напэўна, у магазіны, вось там кантролю няма. Там няма на кожны від мёду аналізу”.

З пчаляркамі салідарныя гандляркі замежнай садавіной-гароднінай.

(Гандляркі: ) “З Галяндыі прывозяць – там жа тэхналёгіі, там усё разьлічана, нормы… А ў нас тыя ж цяпліцы: памідоры-гуркі не праходзяць кантролю. Уся прадукцыя, прывезеная з-за мяжы, праходзіць кантроль. І на мяжы, а перш за ўсё на самім рынку. А нашая – адно сэртыфікаты даюцца. То бок яна ня так правяраецца”.

***

Такім чынам, каб захаваць здароўе, трэба есьці найперш чыстыя прадукты. Па-другое, спэцыяльныя прадукты. Ня трэба быць эканамістам, ня трэба браць калькулятар і вывучаць цэны на Камароўцы, каб зразумець – сярэдні беларус ня здатны трымаць такі рыцыён:

(Вяскоўка: ) “Дзе ж ты за такія цэны, як у нас, у сельскіх, і такія цэны вялікія, дык вядома, яно не захоўваецца, здароўе, з гэткімі цэнамі”.

Калі фінансавае становішча людзей не дазваляе проста нармальна харчавацца, дык ці можа ісьці гаворка пра набыцьцё спэцыяльных прэпаратаў? Гутару зь Яўгенам Бараноўскім:

(Бараноўскі: ) “Пэнатэкс – гэта прэпарат, які выводзіць радыенукліды з арганізму чалавека”.

(Карэспандэнт: ) “Што-небудзь новае прыдумалі за апошнія дзесяць гадоў у сьвеце?”

(Бараноўскі: ) “Пакуль што нічога. Мы ж езьдзім на спэцыяльныя нарады… Каб карыстацца прэпаратамі, патрэбныя грошы, а іх у людзей, асабліва вясковых, няма”.