“ЧАСТА НЯ МАЮ ЧЫМ НАКАРМІЦЬ ДЗЯЦЕЙ. НЯЎЖО ДАВЯДЗЕЦЦА ІСЬЦІ ЖАБРАВАЦЬ?”

Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста, тыповага для нашай пошты апошніх тыдняў. Гэта расповед пра неўладкаванае жыцьцё. Шмат у гэтым расповедзе крыўды на несправядлівасьць, на няшчаснае існаваньне, на няўважлівых чыноўнікаў. Напісала ліст наша слухачка Раіса Мазура з Наваградку. Працу спадарыня Мазура страціла, бо часта хварэла, стала інвалідам 3-й групы. А цяпер актыўна займаецца хаджэньнем па чыноўніцкіх кабінэтах, напісаньнем скаргаў і просьбаў гуманітарнай дапамогі. Працытую ўрывак зь ліста Раісы Мазуры:

“На прыём да кіраўніка гораду ісьці бескарысна — толькі слухаць ягоныя пагрозы да насьмешкі. Жыву я ў старой спарахнелай хаце, якой ужо гадоў сто. Траіх дзяцей часта няма чым карміць. Папрасіла дроваў — далі два мэтры са зьніжкай 50%. А што значаць гэтыя два мэтры? На Новы год не было за што купіць паесьці і дзецям на цукеркі. Хаджу па сьметніках, падбіраю дровы са сьмецьця — і так палю ў печы. Ня маю ні працы, ні грошай, ні нармальнай кватэры. З мужам у разводзе. Алімэнты 40 тысяч на траіх дзяцей. Пэнсія мая — 50 тысяч. Дапамога на траіх дзяцей — 90 тысяч. І жыві, як хочаш.

Пры канцы году патэлефанаваў начальнік райсабесу. “Прыходзьце па гуманітарную дапамогу”, — кажа. А там не было чаго выбіраць. Далі тры пары красовак. Дзеці іх два разы ў школу абулі — і яны парваліся. І ў такія маразы, у завею мае дзеці мусілі хадзіць у школу ў туфлях. А там жа было 80 скрынак “гуманітаркі”. Куды пайшло астатняе? У невядомым кірунку. Абяцалі, што зноў выклічуць, але клічуць і да сёньня. Са школы з фонду ўсенавуча выдаткавалі мне 49 тысяч. На гэтыя грошы я толькі аднаму купіла добрую куртку. Астатнія ходзяць у школу ў летніх куртках”.

Раіса Мазура з Наваградку ў сваім лісьце падрабязна апісвае і ўсе папярэднія выпадкі, калі ёй удавалася дамагчыся фінансавай дапамогі: 60 тысяч рублёў ёй аднаго разу даў гарвыканкам на абутак дзецям, 20 тысяч адшкадаваў райсабес на інвалідзкія патрэбы. А вось на зімовае адзеньне і на гародніну дзецям улады дапамагчы адмовіліся.

“Дык што мне — можа, у наш час браць торбу і ісьці з працягнутай рукой, жабраваць, — піша ў сваім лісьце Раіса Мазура. — Калі да мяне неяк прыехаў начальнік райсабесу Урбан, дык абвінаваціў, што я ня ўмею жыць і ня ўмею здабываць грошай. Дык навучыце мяне, як здабываць грошы. Ці, можа, ісьці красьці, забіваць? Пераканаўча прашу, можа, вы мне чым-небудзь дапаможаце”, — напісала ў сваім лісьце на Свабоду Раіса Мазура з Наваградку.

Па тым, колькі намаганьняў вы, спадарыня Мазура, прыклалі дзеля таго, каб дамагчыся ад чыноўнікаў гуманітарнай і фінансавай дапамогі — відаць, што чалавек вы настойлівы, энэргічны і свайго ўмееце дабівацца. Якасьці гэтыя ў жыцьці надзвычай неабходныя. Як на маю думку, дык праблема ў тым, на што вы скіроўваеце гэтую энэргію. Я ня ведаю ніводнай сям’і, якая б дасягнула дастатку, жывучы на гуманітарную дапамогу альбо на сьціплыя аднаразовыя выплаты ад райсабесу ці раённага аддзелу адукацыі. І справа тут далёка не заўсёды ў тым, што хтосьці з чыноўнікаў імкнецца вас падмануць альбо абдзяліць. Сацыяльныя бюджэты сельскіх раёнаў у Беларусі такія, што цалкам узяць на ўтрыманьне вашу сям’ю коштам гэтых грошай ніякі начальнік ня зможа. Тым больш, што малазабясьпечаных у Беларусі становіцца ўсё больш.

Мне здаецца, калі бы ўсе гэтыя вялізныя намаганьні вы, спадарыня Мазура, скіравалі не на патрабаваньне дапамогі, а на пошукі (а то і патрабаваньне) працы, плён быў бы значна большы. А працаваць вы са сваёй 3-й групай інваліднасьці, наколькі я разумею, можаце, — хоць, натуральна, не на цяжкой працы. Няхай і невялікі будзе заробак, але стабільны дадатак да вашай пэнсіі і дапамогаў. Адпала бы патрэба ў прыніжэньнях і шматгадзінных чэргах да розных начальнікаў. Вы адчулі бы, што ваша будучыня — у вашых уласных руках. Ды і для траіх вашых дзяцей, што падрастаюць, гэта быў бы лепшы прыклад. А вельмі хутка ж настане момант, калі яны павінны стаць вам памочнікамі, і найперш на іх дапамогу вы будзеце разьлічваць.

Ліст ад Алеся Пазьняка зь мястэчка Сянно Віцебскай вобласьці. Слухач піша:

“Ці ўдзельнічаць у восеньскіх выбарах? Асабіста я далучаюся да пазыцыі Зянона Пазьняка — неабходны байкот. Чаму? На гэта ёсьць шмат довадаў. Галоўны: ці ведаем мы закон, паводле якога адбываюцца выбары ў нашай дзяржаве? Неяк мы з сакратаркай віцебскай арганізацыі нашай партыі Тамарай Мамчыц абышлі ў пошуках Выбарчага кодэксу ўсе кнігарні гораду — і безвынікова. Канстытуцыю Расейскай Федэрацыі знайшлі, а галоўны выбарчы закон Беларусі — не. Аказваецца, беларускія выдавецтвы нават не плянуюць выданьня гэтага кодэксу. Вось вам і падрыхтоўка да выбараў. Хто жадае галасаваць — ідзеце, калі хочаце хадзіць у лапцях ды цярпець зьдзек. Я ж — за поўны байкот. А гэта, паводле старшыні БНФ, будзе азначаць правал рэжыму Лукашэнкі і перамогу народу, знак да сьветлых пераменаў”, — напісаў у лісьце на Свабоду сябра КХП БНФ Алесь Пазьняк зь мястэчка Сянно Віцебскай вобласьці.

Пытаньне ў тым, Алесь, якая колькасьць беларускіх грамадзянаў гатовая падтрымаць ідэю байкоту. Вельмі падобна на тое, што задума гэтая ня надта папулярная ў грамадзтве. Прынамсі, менавіта так сьцьвярджаюць сацыёлягі. Ды і ранейшыя спробы байкоту, якія рабіла вашая (і ня толькі вашая) партыя, наўрад ці можна назваць удалымі.

На тэму выбараў напісаў і наш слухач зь Менску Андрэй Бацян. У сваім лісьце ён спрабуе адказаць на пытаньне: як зьменшыць фальсыфікацыі падчас выбараў, выкарыстоўваючы дазволеныя цяперашнім заканадаўствам сродкі. Андрэй піша:

“Неабходна, каб у складзе ўчастковых камісіяў былі людзі, гатовыя і здольныя да барацьбы з фальсыфікацыямі. Гэтага можна дасягнуць пры вылучэньні чальцоў выбарчых камісіяў у працоўных калектывах. Можа дапамагчы і дзяжурства на ўчастках чальцоў камісіяў, асабліва ў ноч перад днём выбараў, калі звычайна адбываецца замена бюлетэняў у скрынях папярэдняга галасаваньня. Да пратаколу неабходна прыкласьці асобныя меркаваньні чальцоў камісіі. А пасьля выбараў падаць заявы ў суд аб прызнаньні выбараў на дадзеным участку несапраўднымі. Наладзіць такую працу павінны перадвыбарчыя кааліцыі — такія, як “Пяцёрка+”. Неабходна, каб чалавек, які адважыўся на такія дзеяньні і пасьля выбараў быў звольнены з працы, меў нейкую надзею на фінансавую дапамогу ад апазыцыйных сілаў для сваёй сям’і”.

Усё ж, спадар Бацян, кожны актывіст, які мае грамадзянскую мужнасьць адстойваць прынцып справядлівасьці і выкрываць махляроў, павінен, на маю думку, абапірацца на цьвёрдае перакананьне, што праўда і закон — на ягоным баку. Наўрад ці можна далучыць да гэтай дзейнасьці сапраўды прынцыповых, палітычна актыўных і аўтарытэтных людзей, калі разьлічваць і арыентаваць іх толькі на фінансавую падтрымку з боку апазыцыі. У гэтым выпадку ёсьць сур’ёзная небясьпека, што да справы далучацца ня толькі бескарысьлівыя людзі.

На заканчэньне — ліст ад нашага даўняга слухача зь Менску, былога вайскоўца Ільлі Копыла. Ён піша:

“Улады палохаюць нас набліжэньнем НАТО да межаў СНД. Лічу, што такая пастаноўка пытаньня не зусім дакладная. Гэта не НАТО набліжаецца да Беларусі й Расеі, а краіны, якія вызваліліся ад савецкай і расейскай каланіяльнай залежнасьці, сьпяшаюцца хутчэй схавацца пад парасонам НАТО. Іншымі словамі, ня НАТО імкнецца на Ўсход, а краіны Ўсходняй Эўропы бягуць на Захад. Я бачу ў гэтым вялікую розьніцу. Ва ўсходнеэўрапейцаў ёсьць падставы дзеля таго, каб апасацца расейскай пагрозы. Польшча і Фінляндыя добра памятаюць 1939-год, краіны Балтыі і Румынія ніколі не забудуць 1940-га. Можна сюды дадаць і падзеі 1956 году ў Вугоршчыне, 1968-га — у Чэхаславаччыне.

А што можна пачуць ад цяперашніх расейскіх палітыкаў? Лужкоў заяўляе, што ўкраінскі Крым — гэта расейская тэрыторыя. Рагозін называе беларускую незалежнасьць недарэчнасьцю. Ён жа рабіў шмат недружалюбных заяваў на адрас Латвіі і Грузіі. Мне, беларусу, даводзіцца пакуль толькі марыць пра тое, што калі-небудзь Беларусь таксама ўвойдзе ў склад НАТО, як і нашы балтыйскія суседзі, і атрымае такім чынам гарантыі сваёй незалежнасьці. А пакуль што кіраўнік беларускай дзяржавы час ад часу паўтарае, што Беларусь нібыта абараняе заходнюю мяжу Расеі. Чуючы такое, нават ня ведаеш, ці сьмяяцца, ці плакаць. Зразумела, што Беларусь ня здольная абараніць ні Расею (ды і ад каго?), ні нават сябе. У параўнаньні зь іншымі краінамі, нашае становішча вельмі кепскае. Радуе толькі, што НАТО — побач”.

Беларускае грамадзтва, сапраўды, ужо ня мае вялікага страху з нагоды набліжэньня НАТО да межаў Беларусі. І чым больш аддаляюцца часы “халоднай вайны”, тым больш тыя страхі будуць забывацца. Гэтыя зьмены грамадзкіх настрояў, відавочна, адчувае і Аляксандар Лукашэнка. Прынамсі, ягоныя цяперашнія камэнтары пасьля рэальнага ўступленьня ў НАТО суседніх дзяржаваў былі значна больш спакойныя, чым выступы сярэдзіны 1990-х гадоў, калі ён казаў пра “страшнага монстра, які падпаўзае да межаў сінявокай Беларусі”.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, Раман Зіноўеў зь Лёзна, Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну і Лілія Васілеўская зь вёскі Трабы Іўеўскага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.