ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 14 КРАСАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пролетарый”, 1934 год:

“Даводзіцца да ведама калгасаў, аднаасобнікаў і прадпрыемстваў, што віцебскім гарсоветам адчынен злучны пункт з 6 племяннымі жарабкамі-вытворнікамі для пакрыцця кабыліц калгасаў, аднаасобнікаў і прадпрыемстваў. Злучны пункт знаходзіцца на бегавым іпадроме (месца сельска-гаспадарчай выстаўкі, каля паніжаючай станцыі Асінбуду)”.

“Настаўніцкая газета”, 1984 год:

“Перадача раскрывае гісторыю стварэння беларускай паэтычнай Ленініяны, якую распачалі ў год смерці правадыра М.Чарот і З.Бядуля сваімі паэмамі “Ленін” і “Чырвона-чорная жалоба”. У 30-я гады тэму Леніна распрацоўвалі ў сваіх паэмах Янка Купала (“Барысаў”) і П.Глебка (“Мужнасць”, “У тыя дні”). Сучасная паэтычная Ленініяна расшырылася тэматычна. Пра У.І.Леніна пішуць М.Танк, Г.Бураўкін, К.Кірэенка, А.Вялюгін і іншыя. У выкананні майстроў мастацкага чытання вучні пачуюць вершы пра Леніна. Аўтар перадачы — кандыдат педагагічных навук А.А.Каляда”.

“Могилевские ведомости”, 1994 год. Старшыня Магілёўскага аблсавету М.Грынёў адказвае на пытаньні Р.Кісяля пра аб’яднаньне грашовых сыстэмаў Беларусі і Расеі:

“Абмен. Наяўныя грошы будуць мяняцца адзін да аднаго з разьліку 200 тысяч рублёў на кожнага члена сям’і. Звыш таго — паводле спэцыяльнага курсу. Укладчыкам ашчадбанкаў будзе зроблены абмен адзін да аднаго да 1 мільёна рублёў. Цэны. На найважнейшыя віды тавараў народнага спажываньня яны будуць аднолькавыя з расейскімі. Газ, нафту, электраэнэргію Беларусь будзе набываць па ўнутрырасейскіх коштах. Зарплата. Бюджэтная сфэра прыводзіцца ў адпаведнасьць з расейскай. Тое ж датычыць і тарыфікацыі, разраднай сеткі”.