Былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту Юры Бандажэўскі дагэтуль не дачакаўся зьмены меры пакараньня на больш мяккую, хоць на гэта, паводле закону, ён мае права пасьля адбыцьця паловы тэрміну.
(Бандажэўская: ) “Ведаю, што дзяржава ў Жэнэву адказала, што Бандажэўскаму, калі ён адседзіць палову тэрміну, будзе зьмененае пакараньне на больш мяккае. Але гэта толькі размовы”, — заявіла Радыё Свабода жонка прафэсара Галіна Бандажэўская.
Юры Бандажэўскі быў асуджаны на восем гадоў турмы за хабарніцтва. Між тым, праваабаронцы ў Беларусі і многія палітыкі й навукоўцы ў Эўропе лічаць, што справу Бандажэўскага беларускія ўлады сфальшавалі, каб паквітацца з прафэсарам за ягоную прынцыповую антыўрадавую пазыцыю ў чарнобыльскіх праблемах. За кратамі Юры Бандажэўскі правёў ужо больш за тры гады. Да таго ж, паводле амністыі ягонае пакараньне было зьменшанае яшчэ на два гады.
У выніку Юры Бандажэўскі мог разьлічваць на зьмякчэньне пакараньня — яго маглі перавесьці на так званую “хімію”. Гэты рэжым абавязвае асуджаных толькі начаваць у спэцкамэндатуры, а ўдзень, як вольныя людзі, яны працуюць на будоўлях, прадпрыемствах і нават па сваёй прафэсіі. У прыватнасьці, Юры Бандажэўскі разьлічваў атрымаць працу ў адной з мэдычных установаў у сельскай мясцовасьці, дзе не хапае мэдыкаў. Але днямі высьветлілася, што нават дакумэнты на перагляд ягонай справы не былі накіраваныя з калёніі ў суд. Галіна Бандажэўская з гэтай прычыны заяўляе пра парушэньне правоў мужу.
(Бандажэўская: ) “Адзінае права, якое, магчыма, ёсьць у зьняволенага — гэта права на датэрміновае вызваленьне альбо зьмякчэньне пакараньня. Яно прадугледжанае 90-м і 91-м артыкуламі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Але высьвятляецца, што і гэтае права для нас недасягальнае. Прашу, аддайце тое, што яму прадугледжана законам”, — кажа жонка Юрыя Бандажэўскага Галіна.
Яна мяркуе, што яе мужа не выпускаюць з турмы, каб яшчэ больш зь яго пазьдзекавацца.
Абаронца Юрыя Бандажэўскага Гары Паганяйла зь Беларускага Хэльсынскага камітэту не выключае і той вэрсіі, што ўлады не пасылаюць былога рэктара на “хімію”, бо ведаюць, што ягонае здароўе можа ня вытрымаць працы на будоўлі. Тады, паводле Гары Паганяйлы, узьнікне пытаньне: чаму здаровы чалавек за тры гады турмы стаў настолькі хворым.
У Камітэце выкананьня пакараньняў, якому падпарадкаваная менская калёнія, дзе ўтрымліваюць Юрыя Бандажэўскага, адмовіліся камэнтаваць ягоную справу.