ІСЛАЧ: ДОМ ТВОРЧАСЬЦІ

Віталь Сямашка, Іслач

Аж 18 гадоў таму мясьціны гэтыя беларускія пісьменьнікі ахрысьцілі “райскім кутком”, а свае гасьцяваньні ў “сьветлым замку Ракаўскім” — “залатым векам”. “Бласлаўлёным Музай карабелем” назваў Дом творчасьці пісьменьнікаў “Іслач” літаратурны патрыярх Ніл Гілевіч.

Будынак за 35 кілямэтраў ад Менску, побач з Ракаўскай шашой сапраўды нагадвае палац замкавага тыпу. Гэта двухпавярховы чатырохкутнік зь дзядзінцам, аглядальнай вежай, уваходнай брамай, трыма каміннымі залямі ды арыгінальнымі пакоямі-мансардамі. Побач катэджы ды саўна з басэйнам. І ўсё — пасярод ягаднага ды грыбнога сасновага лесу. Летам тут лашчыць слых зладжаны птушыны пошчак, а ўвесну ўспыхнуць белым агнём шматлікія чаромхавыя вогнішчы.

Тут нарадзіўся ды тварыў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, добра пісалася ды адпачывалася як айчынным пісьменьнікам, так і іх калегам з краінаў СНД ды Ўсходняй Эўропы. З замілаваньнем згадвае былыя часы іслацкі заўсёднік, паэт Мікола Вяршынін, які напісаў тут паэму “Наша Іслач — родны дом”.

(Вяршынін: ) “Кожны сабе паводзіў па-рознаму: хто аддаваўся чытаньню, хто ў лес бегаў па грыбы. Вечарам зьбіраліся пагаманіць у творчай абстаноўцы, калі многа напісана ў гэтым нашым доме. Іслач — ціхаплынная рачулка і халодная. Водзіцца стронга, яна любіць вельмі халодную ваду. Там быў магутны вадаспад. Каторыя хлопцы сьмялейшыя, зранку падымаліся і пад гэты вадаспад станавіліся ды загартоўваліся. Ну, а хто хацеў “ прычасьціцца” невялікай кампаніяй, ці хто з кім палюбіцца, дык прырода цёпла прымала да сябе…”

Прырода паклапацілася нават пра тое, каб у іслацкім навакольлі не было надакучлівых камароў. Але крывасмокі, відаць, і без таго шукалі б іншых месцаў для пажывы — тут ужо тры гады бязьлюдзьдзе ды бязладзьдзе. Адное з найлепшых месцаў адпачынку ў Беларусі не прымае сваёй звычайнай сотні наведнікаў. Звольнена 120 чалавекаў абслугі. Але наперадзе — абвал, цьвердзіць дырэктарка Дому творчасьці Сьвятлана Юркевіч.

(Юркевіч: ) “Калі ў гэтым годзе ня знойдуць сродкаў для рамонту дахаў, стокаў, аднаўленьня кацельнай, сьцены проста рухнуць…”

“Іслач” дзесяць гадоў без капітальнага рамонту. Тры гады няма вугля ды мазуты. Развалілася кацельная, цякуць дахі, зробленыя ў форме басэйнаў, што назапашваюць сьнег ды ваду. Не працуе тэлефонная станцыя, знасілася мэбля. Як сказана ў даведцы з аўтапарку, ён “не падлягае аднаўленьню”. Запазычанасьці за камунальныя паслугі ды падаткі склалі звыш 50 тысяч даляраў. Дом творчасьці мясцовыя называюць цяпер домам Паўлава, па аналёгіі з вузлом супраціву Савецкай Арміі, зь якога немцы ў 1943-м зрабілі рэшата. Мы ідзем па пустых іслацкіх калідорах разам са Сьвятланай:

(Карэспандэнт: ) “Ой…Тут асьцярожна трэба ісьці… Падлога ўзьдзьмутая, вы чуеце бітае шкло, склізка вельмі… Падымаемся на другі паверх, дзе пакоі для жыльля — таксама ўздзьмуты драўляны паркет…”

(Юркевіч: ) “Дзесьці ў дваццаці нумарах цячэ праз вэнтыляцыю — паток ільецца. Грыбок пачаў есьці сьцяну, там вада”.

(Карэспандэнт: ) “Вось выцьвілыя матрацы, абадраныя сьцены. Я ня ведаю, ці чуваць, але мы катаемся па калідорах Дому творчасьці, як дзеці на лёдзе. Вось лядышкі адбіваем…”

(Юркевіч: ) “Калі пачынае таяць, стаім па калені ў вадзе. А ўявіце, сьцены мармуровыя, ня топіцца тры гады. Мінус 10 тут — замярзае вада ў слоіку…”

(Карэспандэнт: ) “Вось мы на даху. Я бачу так званую “лінёўку” — дзірку для заліву вады, якая ідзе ўсярэдзіну, хаця, як вадасьцёкавыя трубы, яна мусіць быць звонку.У дзірку ўвагнаны драўляны кол, але гэта ня выйсьце…”

(Юркевіч: ) “Канечне, цяпер запусьці нам ваду — будзе цекчы ня толькі з даху, але і з трубаў. Баліць сэрца проста, не дазваляе кінуць, бо за тыдзень усё раскрадуць, расьцягнуць, нават вокны, каді даведаюцца, што вартаўнікі сышлі…”

Дарэчы, падобныя прэцэдэнты былі. Пра апошні выпадак расказаў вартаўнік Уладзімер Юркевіч:

(Уладзімер: ) “Дзяжурым ноччу. Пачулася: хтосьці ёсьць у санаторыі ў 11 гадзінаў. Узяў ліхтар, чую грукат на даху. Адтуль кажуць: хлопцы, унізе ўсё нармальна? Прынялі за сваіх. Тэлефон адключаны, пайшлі ў дом. Прыехаў нарад — злапалі. Здымалі парапэты медныя — 400 кіляграмаў медзі ўжо пасьпелі…”

Між іншым, пяцёра штатных супрацоўнікаў Дому творчасьці, што засталіся, месяцамі не атрымліваюць заробку. Наогул жа сёньняшні настрой ва ўсіх, хто мае дачыненьне да “ Іслачы”, мякка кажучы, пэсымістычны, што й пацьвердзіў паэт Мікола Вяршынін:

(Вяршынін: ) “Пісьменьнікі будуць сядзець у сваіх норах і там ці ціўкаць, ці квакаць. Ня будзе дзе сустрэцца ні па творчых пытаньнях, ні па сяброўскіх, ні па дыскусійных, ні на ўрачыстых вечарынах. Гэта быў апошні прытулак”.


* * *
Забыцьцё ды закрыцьцё “Іслачы” адбывалася паэтапна. Маёмасьць гэтая ад часу СССР належала Беларускаму літаратурнаму фонду. У гэтага грамадзкага аб’яднаньня Кіраўніцтвам справаў прэзыдэнта былі ўжо адабраныя паліклініка ды сам Дом літаратара, пакоі якога здаваліся ў арэнду. Тым самым у пісьменьнікаў былі адсечаныя крыніцы фінансаваньня іхнай гаспадарчай дзейнасьці. Цяпер той жа Літфонд арандуе ў сваім былым будынку два пакойчыкі па завоблачнай цане 14 тысяч даляраў на год. Супрацоўнікі яго таксама не атрымліваюць заробку. Гэта і скарыстала прэзыдэнцкае Кіраўніцтва справаў, каб нанесьці наступны ўдар. Распавядае дырэктар фонду Вячаслаў Корбут:

(Корбут: ) “Летам 2003-га паступіў ліст, у якім прапанавалася перадаць “Іслач” Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта — “безвоздмездно”, напісана даслоўна. Пісьменьнікі ў гэтай сытуацыі не атрымлівалі ні пуцёвак, ні грашовай кампэнсацыі. Было ініцыяванае зьбіраньне нечарговага сходу”.

На сходзе думкі падзяліліся. Я размаўляў напярэдадні эфіру са старшынём фонду — гэнэралам, дэпутатам ды пісьменьнікам Мікалаем Чаргінцом. Ён выступіў за незваротнае адданьне “Іслачы” Кіраўніцтву справаў: маўляў, інакш яе ўсё роўна забяруць за даўгі падаткавікі. Да таго ж экс-старшыня Кіраўніцтва Галіна Жураўкова наўскід ацаніла прывядзеньне да ладу Дому творчасьці на два мільёны даляраў, што Літфонду не адолець. Што было далей, інфармуе Вячаслаў Корбут:

(Корбут: ) “Думка Чаргінца вядомая. Але гэта пазыцыя невялікай колькасьці пісьменьнікаў. Многія схіляюцца, каб прадаць “Іслач” і набыць нейкую іншую маёмасьць. Каб знаходзіць партнэраў у дзяржаўных ды недзяржаўных арганізацыях. Гібеючая “Іслач” — гэта апошні фонд Літфонду. І калі ня будзе “Іслачы”, ня будзе самога Літфонду, для пісьменьнікаў ён застанецца проста ўспамінам”.

Тым часам даведзеныя да адчаю васьмёра былых супрацоўнікаў Дому творчасьці, якія не атрымалі заробку амаль за паўтара году, падалі ў суд на Літфонд і выйгралі яго. У іх свой погляд і свой боль. Я ў службовым доме “Іслачы”, дзе дагэтуль жывуць былыя загадчыца сталовай Ядвіга Стукалава ды кладаўшчыца Ірына Толкач.

(Стукалава: ) “Уявіце: год сядзелі без кавалка хлеба. У цябе ёсьць? Ёсьць — у кагосьці муж адзін робіць. Бяжыш — там лыжку мукі, там лыжку цукра. Нас ніхто не разумее — як вы жывяце бяз грошай”.

(Толкач: ) “Карэспандэнта на кухню бы да нас, хай бы інтэрвію ўзяў ды колькі бы высядзеў у нашым холадзе! А на кухне батарэі размарозіліся… А нашыя пісьменьнікі — тлумачыш: так усё прападае, чаму не прадаць тую “Іслач”?! У вочы канкрэтна: “хай усё згніе, паплачам на руінах. Гэта наша маёмасьць, нікому не аддамо”. Гэта таксама Ліпскага словы…”

(Стукалава: ) “Я кожны дзень хаджу сюды, і мне баліць… Не магу гаварыць”.

Спадарыня Стукалава выцірае сьлёзы, а я, каб перавесьці тэму, прапаную ізноў згадаць “залатыя” іслацкія часы, калі на стравы, якія рабіла Ядвіга Іосіфаўна, зьляталіся тутэйшыя, як пчолы на мёд:

(Стукалава: ) “Гілевіч папрасіў, каб прынялі польскага амбасадара з жонкай. Паехала я ў вёску да мамы, зрабіла ім кілбасу “пальцам піханую”, піражкі слаёныя з сушанымі грыбамі. І пані — у Польшчы ж мала ядуць — так прасіла яшчэ піражкоў! І боршч з грушамі! Танк быў — знаходзіць у баршчы грушу і кажа: колькі дзе быў, ня бачыў, каб у баршчы грушы плавалі. Гэта робіцца посны борш: крышыцца сыры бурак, сырая морква, цыбуля, бульба, лыжка поснага масла, лыжка тамату, лыжка мукі й грушы сушаныя. Заліваюцца кіпенем і варацца хвілінаў 40. Хто пасьціць — смачна, не расказаць! Гэта рацэпт маёй любімай сьвякрухі, а ў яе тата — шэф-повар, абслугоўваў яшчэ царскі двор”.

Да сумнай рэальнасьці мяне, аднак, вярнула бугальтарка Літфонду Натальля Антонава:

(Антонава: ) “Спрабуюць забраць “Іслач” за даўгі, хаця даўжнікоў у дзяржаве вельмі шмат — і не з такімі сумамі грашовымі. Заводаў ніхто не забірае! За гэты год ня ўклалі ні аднаго рубля ў “Іслач”!”

Я папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю з “Іслаччу” паэта ды грамадзкага дзеяча Генадзя Бураўкіна, які, згодна з агульным пісьменьніцкім меркаваньнем, займае найбольш пасьлядоўную ды прынцыповую палітычную пазыцыю.

(Бураўкін: ) “Я думаю, што калі бы гэта не была ўстанова, зьвязаная зь пісьменьніцкай арганізацыяй, нацыянальнай культурай, стаўленьне да яе было бы іншае. Таму, калі дужа крыўдзяцца людзі мастацтва, што ўлада нас не разумее, не адгукаецца, яны, мне здаецца, дзівакі. Улада, будучы хамаватай, чакае, каб інтэлігенцыя да яе прыпаўзла. Ня будзе гэтага! Таму што ўсё, што зьвязана з нацыянальнай мовай, гісторыяй, гэта сьвятыня. А ўлада паказвае, што ўсё гэта для яе варожае. Беларуская мова для чыноўнікаў — паказчык апазыцыйнасьці! Ім галоўнае ў сёньняшнім дні — паказаць усеўладзьдзе, нахапаць чым болей, усіх, каго можна, прынізіць. Проста ўлада хоча паказаць: а мы з вамі што хочам, тое і зробім. Ня слухаецеся, дык мы вам такое створым жыцьцё, што вам і жыць не захочацца!”

На сёньняшні дзень Беларускаму літаратурнаму фонду Кіраўніцтвам справаў прэзыдэнта выстаўлены ўльтыматум: да 11 траўня выпрацаваць канцэпцыю пагашэньня даўгоў ды далейшаму выкарыстаньню “Іслачы”. Інакш Дом творчасьці забяруць без усялякіх, як кажуць, кантрыбуцыяў. У Літфондзе ж ды Саюзе пісьменьнікаў, аднак, разумеюць галоўнае, што не падпадае пад ніякія кампрамісы. Што і было агучана мне вуснамі знаёмага ўжо вам Вячаслава Корбута:

(Корбут: ) “Умовы для творчасьці мусяць быць створаныя і грамадзтвам, і дзяржавай. Са слова пачынаецца любая справа. Мы ведаем, якую вялікую магічную сілу яно нясе. Слова — генафонд нацыі, роднае слова — абсалютны генафонд! Калі бываеш на “Іслачы”, працуеш над творам, робіш за дзень столькі, колькі за тыдзень у горадзе. Там спыняецца час, там вельмі магутная інтэлектуальная, духоўная аўра. Гэтыя мясьціны былі абраныя нашымі клясыкамі — Быкавым, Шамякіным. Сьвята на нашай вуліцы абавязкова будзе, але ўжо ня з гэтым прэзыдэнтам. Новае кіраўніцтва краіны інакш будзе да нас ставіцца, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце”.