НА ЯКІХ МАШЫНАХ ЕЗЬДЗЯЦЬ ПОЛЬСКІЯ МІНІСТРЫ І ІНШЫЯ ЧЫНОЎНІКІ?

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Для ўсіх сябраў Рады міністраў Польшчы аўтамабілі набывае адмысловая служба – Бюро аховы ўраду. Да гэтай структуры належаць і кіроўцы службовых аўтамабіляў міністраў. Бюро аховы ўраду купляе ў асноўным нямецкія “BMW” і італьянскія “Lancia”.

Аўтамабілі, як зрэшты і ўсе іншыя тавары для дзяржаўнай адміністрацыі, набываюцца шляхам адкрытых тэндэраў – кожны можа даведацца, якія фірмы бяруць у гэтых тэндэрах удзел і чаму ўлады абіраюць тавары, запрапанаваныя менавіта той, а ня іншай фірмай.

Міністар замежных справаў Польшчы езьдзіць на пяцігадовым “BMW”, а ягоныя намесьнікі карыстаюцца “Мэрсэдэсамі”, якія пэўны час адпрацавалі ў польскіх амбасадах за мяжой.

Што да правілаў карыстаньня міністэрскімі аўтамабілямі, дык як нам паведамілі ў польскім МЗС, выкарыстаньне ў прыватных мэтах службовага аўто практычна немагчымае.

(Прадстаўнік МЗС: ) “Гэта кантралюецца. Міністар і ягоныя намесьнікі могуць карыстацца службовымі аўтамабілямі толькі ў часе працоўнага дня. Кіроўцы працуюць так які і рэшта адміністрацыі – да 16:15 і потым сыходзяць. Застаецца толькі адзін дзяжурны аўтамабіль, які развозіць намесьнікаў міністраў па хатах. Дык часам нават ёсьць чарга. Асабліва, калі ехаць на лётнішча, дык трэба раней запісвацца”.

Што да іншых узроўняў выканаўчай улады, дык ваяводы, ці па-беларуску, старшыні аблвыканкамаў, маюць права купляць службовыя аўтамабілі ў межах сумы, якую вызначае на гэта дзяржаўны бюджэт, падрыхтаваны тымі, хто знаходзіцца ў дадзены момант пры ўладзе. Раней гэта было 30 тысячаў эўра, цяпер – 60 тысячаў. Ваявода Падляшскі, да прыкладу, мае службовы “Peugeot 307”.

Маршалэк Сэйміку – гэта кіраўнік заканадаўчай улады ваяводзкага, ці па-беларуску абласнога ўзроўню, можа набыць аўтамабіль калі на гэта ёсьць сродкі ў бюджэце ваяводзтва. Дакладна так ёсьць і ў выпадку
адміністрацыі павятовых, ці па-беларуску раённых цэнтраў.

Скажам у мэрыі Бельску Падляшскага адзін аўтамабіль для ўсіх. Гаворыць былы мэр гэтага гораду Адрэй Сьцепанюк.

(Сьцепанюк: ) “Гэта быў самаход – звычайны “Polonez”, якім карысталіся ўсе, а ня толькі я. Кіроўца не вазіў мяне, скажам, з працы і на працу – гэта быў самаход для службовых справаў”.

А, да прыкладу, у Гайнаўцы мэр наагул ня мае службовага аўтамабілю – карыстаецца сваім уласным, а адпаведную суму, зацьверджаную самаўрадам, атрымлівае на рамонт і паліва.

Увогуле, за справамі, зьвязанымі з карыстаньнем чыноўнікаў з прывілеяў, у Польшчы вельмі ўважліва сочыць прэса.

Да прыкладу, два гады таму адміністрацыя Лешка Мілера была вымушаная зьменшыць колькасьць новых лімузынаў, якія збыло вырашана набыць для ўрадавых чыноўнікаў, пасьля таго як гэты крок раскрытыкавалі вядучыя польскія газэты.