ЦІ МАЮЦЬ ПРАВА ЧЫНОЎНІКІ НА ДАРАГІ СЛУЖБОВЫ АЎТАМАБІЛЬ?

Галіна Абакунчык, Менск

Ці маюць права чыноўнікі езьдзіць на дарагіх аўтамабілях і ці спрыяе гэта падвышэньню аўтарытэту ўлады?

Пра тое, ці павінны чыноўнікі мець дарагія пэрсанальныя службовыя аўтамабілі, меркаваньні мінакоў падзяліліся.

(Карэспандэнтка: ) “Ці могуць айчынныя чыноўнікі езьдзіць на дарагіх замежных аўтамабілях і ці спрыяе гэта аўтарытэту ўлады?”

(Юнак: ) “Аўтарытэту яму не прыбавіць тое, што ён будзе езьдзіць на джыпе, а не на “Волзе”. Супраць я нічога ня маю, але я і ня за”.

(Спадар: ) “Думаю, што лепш узяць адну добрую машыну, чым дзесяць дрэнных. Замежная — яна колькі пройдзе? Гадоў дзесяць, а “Волга” два-тры — і ўсё”.

(Юначка: ) “Гэтыя машыны будуць купленыя на грошы народу, і я думаю, што ёсьць дастаткова добрыя машыны, да прыкладу, новыя мадэлі “Волгі”, на якіх могуць езьдзіць чыноўнікі. Таму я думаю, што можна абысьціся й без дарагіх аўтамабіляў”.

(Спадар: ) “Ну, якая розьніца, на якіх аўтамабілях яны будуць езьдзіць! Галоўнае, каб добра вырашалі свае пытаньні”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што яны не павінныя езьдзіць на дарагіх замежных аўтамабілях. Хоць у нас, калі падысьці да “чырвонага дому”, там аўтамабілі з сэрыі “МІ” стаяць толькі зь ліку апошніх мадэляў “Вольва”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці спрыяе гэта аўтарытэту ўлады?”

(Спадарыня: ) “Я лічу, што не. Гэта, канечне, супраць нашых кіраўнікоў і нашых уладаў. Бо людзі ў нас жывуць небагата, калі й маюць машыны, то старэнькія, прыгнаныя з Эўропы. А кіраўнікі езьдзяць на шыкоўных аўтамабілях — канечне, людзям гэта непрыемна”.

Некаторыя людзі казалі, што супраць таго, каб чыноўнікі скарыстоўвалі бюджэтныя грошы на дарагія пэрсанальныя аўтамабілі, але перакананыя, што ў Беларусі гэтая практыка будзе доўжыцца яшчэ некаторы час.

Гэткія былі выказваньні людзей на вуліцах Менску пра магчымасьць для айчынных чыноўнікаў мець дарагі пэрсанальны аўтамабіль.